9 чэрвеня 2026, aўторак, 10:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка прапанаваў Расеі бясплатны транзіт газу

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Расеі адмовіцца ад будаўніцтва газаправода Nord Stream на карысць другога адгалінавання газаправода Ямал–Еўропа, які праходзіць праз Беларусь. Наўзамен Менска прапанаваў Расеі вызваліць ад падаткаў транзіт газу па тэрыторыі Беларусі на пяць гадоў. Пра гэта піша газета "Коммерсант".

Выданне піша, што зварот Расеі да праекту будаўніцтва другога адгалінавання Ямал–Еўропа дазволіць "Газпрому" зэканоміць на транзіце да 1,46 мільярда даляраў. У канцы сакавіка 2007 года намеснік старшыні праўлення "Газпрома" Андрэй Круглоў казаў, што праект другога адгалінавання трубаправода Ямал–Еўропа можа быць уключаны ў інвестпраграму 2008 года, аднак ён туды не патрапіў.

Па першаму адгалінаванню трубаправода Ямал–Еўропа цяпер перапампоўваецца каля 33 мільярдаў кубаметраў газу ў год. Будаўніцтва другога адгалінавання трубаправода такой жа магутнасці не было пачатае. Затое Расея вырашыла пачаць будаўніцтва трубаправода Nord Stream, магутнасцю 27,5 мільярдаў кубаметраў у год. Кошт другога адгалінавання трубаправода Ямал–Еўропа ацэньваецца ў 2,5 мільярды даляраў, а Nord Stream – у 7-12 мільярдаў даляраў. Але Nord Stream дасць "Газпрому" незалежнасць ад краін, праз якія ідзе транзіт газу ў Еўропу – Украіны і Беларусі.

Выданне "Время новостей" адзначае, што свой выступ Лукашэнка зрабіў пасля весткі пра тое, што цана на газ на 2008 год для Менска складзе 67 працэнтаў ад еўрапейскай цаны, паводле раней заключанага кантракта. Такім чынам, спроба Менска патаргавацца з "Газпромам", для чаго 11 кастрычніка ў Маскву прыязджала спецыяльная дэлегацыя, не атрымалася.

Газета "Ведомости" нагадвае, што 31 снежня 2006 года Беларусь пагадзілася на новую формулу разліку газавых цэнаў. У 2007 годзе яна складзе 100 даляраў за тысячу кубаметраў газу, у 2008 годзе – 67 працэнтаў ад сярэднееўрапейскай цаны без транспартных выдаткаў, у 2009 годзе – 80 працэнтаў, 2010 – 90 працэнтаў, а з 2011 года – 100 працэнтны пераход на еўрапейскі ўзровень цаны. Аналітыкі мяркуюць, што ў 2008 годзе цана газу для Беларусі складзе 168 даляраў за тысячу кубаметраў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках