Пакаленне «Jeans» Змітра Бародкі
2- 15.10.2007, 13:25
Напярэдадні Еўрапейскага Марша беларускі «Свабодны тэатр» вярнуўся з шведскага Лунда, дзе выступіў у рамках кампаніі па вылучэнні гэтага горада на званне «Культурная сталіца Еўропы – 2014». Спектаклі «Пакаленне Jeans» і «Быць Гаральдам Пінтэрам» былі цудоўна прынятыя шведскай публікай, а адзін з спектакляў быў паказаны ва ўмовах, максімальна набліжаных да беларускага падполля.
Шведскія арганізатары выступу «Свабоднага тэатра» пайшлі на рызыкоўны крок, арганізаваўшы прыцягненне гледача на спектакль «Пакаленне Jeans» ва ўмовах, максімальна набліжаных да беларускіх: гледачы, якія атрымалі паведамленне аб спектаклі па sms, павінны былі ператэлефанаваць па паказаным нумары і запісацца на спектакль. Пасля гэтага ім паведамлялася месца, куды яны павінны былі прыйсці, а ўжо адтуль маладыя людзі праводзілі гледачоў у залу, дзе праходзіў спектакль. У выніку шведскія гледачы апынуліся не менш чуткімі да актуальнага мастацтва за беларускіх – зала не здолела змясціць усіх жадаючых убачыць спектакль беларускай трупы.
Пасля заканчэння імпрэзы да гледачоў звярнуўся мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Халезін, які іграе ў спектаклі «Пакаленне Jeans». У сваім кароткім выступе ён сказаў: «Некалькі дзён таму ў нашага сябра Змітра Бародкі ў горадзе Барысаве нарадзіліся двайняты. Але Зміцер не зможа ў гэтыя дні наведаць сваёй жонку ў радзільным доме – за ўдзел у арганізацыі Еўрапейскага Марша ён быў арыштаваны, і цяпер знаходзіцца ў турме. Сённяшні спектакль мы хочам прысвяціць гэтым двум немаўлятам, у якіх пакуль няма нават імёнаў, але затое ёсць выдатная будучыня – будучыня ў еўрапейскай Беларусі». Гэтае прысвячэнне было сустрэтае авацыямі шведскай публікі.
Наступны спектакль – «Быць Гаральдам Пінтэрам» у пастаноўцы Уладзіміра Шчэрбаня – быў паказаны ў традыцыйных тэатральных абставінах, у лундскім Lilla-theatre. Крытыкі і журналісты адзначылі самы высокі ўзровень рэжысуры спектакля і падрыхтоўкі акцёраў. На сцэне Lilla-theatre адбыўся дэбют у складзе беларускай трупы акцёра Аляксандра Гладкага.
Праца беларускага тэатра ў Лундзе не абмяжоўвалася толькі паказам спектакляў. Кіраўніцтва тэатра правяло першы раунд перамоваў аб сумеснай працы з кіраўніцтвам Terrier-theatre з Мальме і стакгольмскім тэатрам Tribunale. Таксама крэатыўная група тэатра сумесна з аргкамітэтам кампаніі працягнула распрацоўку праектаў Lund-2014.
На прэзентацыі кампаніі Lund-2014 прысутныя неаднаразова вярталіся да беларускай тэмы. На пытанне, чаму Беларусь стала актуальнай для шведскага Лунда, дырэктар тэатра Наталля Каляда адказала: «Людзі, якія сур'ёзна задумваліся пра будучыню аб'яднанай Еўропы, разумеюць, што без Беларусі яна не можа быць завершанай. Лунд прапанаваў Еўропе ідэю «Пятай свабоды», дапоўніўшы чатыры эканамічных прынятых еўрапейскай супольнасцю. Гучыць яна, як «Мары і творчасць». Гэта тая гуманітарная кампанента, якая абсалютна дапаўняе эканамічны блок агульнаеўрапейскіх пагадненняў. Магчыма Лунд стане ў 2014 годзе культурнай сталіцай, але Беларусь да гэтага моманту напэўна будзе ў складзе аб'яднанай Еўропы. Мы ў гэта верым».

Выстава на прэзентацыі кампаніі «Лунд-2014»

Выступ Мікалая Халезіна на цырымоніі адкрыцця

Спектакль «Пакаленне Jeans»

Спектакль «Быць Гаральдам Пінтэрам»