Зміцер Бандарэнка: «Мы ведаем, куды ідзем і да чаго імкнемся»
27- 16.10.2007, 15:03
Вынікі Еўрапейскага Марша, які адбыўся 14 кастрычніка ў Менску, падвёў каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка.
– Як ацэньваеце Еўрапейскі Марш?
– У цэлым, мая ацэнка Еўрапейскага Марша – пазітыўная. Мы здолелі прадэманстраваць галоўнае – што пры цвёрдай і ўзгодненай пазіцыі беларускай апазіцыі і Еўрапейскага Звязу магчыма прымусіць Лукашэнку пайсці на саступкі. Марш прайшоў мірна, хоць беларускі рэжым, як і любая іншая дыктатура, валодае апаратам падаўлення, здольным разагнаць любую дэманстрацыю апазіцыі. Усе ўбачылі, што ўлада пайшла на саступкі і дазволіла апазіцыі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы і прайсці па вуліцах Менска. Хоць улады не былі б самі сабою, калі б напярэдадні акцыі не дзейнічалі ў сваім звычайным стылю – брутальна і бязглузда. Галоўная выснова з Еўрапейскага Марша наступная: цвёрдая, прынцыповая пазіцыя Еўрапейскага Звязу аб неабходнасці выканання 12 вядомых прапаноў можа прывесці да іх выканання беларускімі ўладамі, і найперш – да вызвалення ўсіх палітвязняў. Неразагнанне Еўрапейскага Марша ўладамі ёсць сведчанне крайняй зацікаўленасці рэжыму ў еўрапейскай дапамозе і эканамічным супрацоўніцтве.
– Вы здаволеныя колькасцю ўдзельнікаў акцыі?
– Чаканні ва ўсіх былі вялікімі. Але ў нашых умовах могуць быць толькі два фарматы акцый з кардынальна рознай колькасцю ўдзельнікаў: акцыя дазволеная і акцыя забароненая. І тут я згодны з Віктарам Івашкевічам: 30 працэнтаў мы ставілі на тое, што ўлады пойдуць на прапанаваны дыялог і, калі не падтрымаюць, то не будуць актыўна замінаць правядзенню Марша. Але масавымі арыштамі, прававым бясчынствам, калі людзей фактычна выкрадалі на вуліцах і ва ўласных кватэрах, улады прадэманстравалі, што Еўрапейскі Марш ёсць забароненае мерапрыемства. Ва ўніверсітэтах, на прадпрыемствах, у школах у людзей пад пагрозай выключэнняў і звальненняў браліся распіскі аб няўдзеле ў Еўрапейскім Маршы. Улады імкнуліся на знешні рынак прадэманстраваць свой псеўдалібералізм, а ўнутры краіны – запалохаць сваіх грамадзян. Таму гэтыя 7 тысяч чалавек – гэта тыя героі, якія выйшлі на забароненую акцыю, і за гэта ім вялізны дзякуй і нізкі паклон.
– БТ абвінаваціла маладых удзельнікаў акцый у хуліганстве, заявіўшы, што яны ў парушэнне ўсіх законаў падчас Еўрапейскага Марша выходзілі на падарожную частку. Што вы на гэта скажыце?
– Лукашэнка так хацеў выглядаць еўрапейскім кіраўніком, што загадаў пераапрануць “дзяржыморд”-амапаўцаў у цывільнае, а выцяснялі з падарожнай часткі ўдзельнікаў дэманстрацыі, якія не змяшчаліся на ходніках, батальёны даішнікаў. Такім чынам думалася падставіць апазіцыю, якая не ішла па дазволеных ходніках. Вось толькі не растлумачылі беларускаму дыктатару, што ў Еўропе маршаў і дэманстрацый па ходніках не бывае. Гэта ў Беларусі арганізатары, каб не падстаўляць людзей пад яшчэ большыя рэпрэсіі, згаджаюцца на рух па пешаходнай частцы. Ды і сам Лукашэнка па ходніках ніколі не хадзіў, а толькі – разам з сынамі па сярэдзіне праспекта. Таму, чаму сынам Лукашэнкі можна па праспекце хадзіць на дэманстрацыях, а іншым маладым людзям нельга?
– Як Вы пракаментуеце некаторую неарганізаванасць удзельнікаў Еўрапейскага Марша, у прыватнасці, падзел на дзве калоны?
– Я лічу, што гэтыя дзеянні былі справакаваныя спецслужбамі. Лідэры беларускай дэмакратычнай моладзі Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Мікіта Сасім, Яўген Афнагель і іншыя знаходзяцца ў турмах. Шмат з іх былі арыштаваныя напярэдадні Марша. І праз псеўдарадыкальныя моладзевыя групкі і была наладжаная гэтая правакацыя з падзелам калон. Хачу падкрэсліць, што большасць калоны моладзі, якая рванула да бібліятэкі, насамрэч, гарачыя галовы і сапраўдныя апазіцыянеры. І, дарэчы, калі маладыя людзі ўбачылі, што іх павялі не туды, і яны ідуць па пустой вуліцы, яны развярнуліся і зліліся з галоўнай калонай. Аднак я не здымаю адказнасці з нас, сталых арганізатараў Еўрапейскага Марша. Да гэтай правакацыі мы былі не зусім гатовыя.
– Выказвалася меркаванне, што адбыўся раскол паміж "старой" і "маладой" апазіцыяй.
– Мы неаднаразова прапаноўвалі "маладым радыкалам" прадэманстраваць сваю сілу самастойна і арганізаваць акцыю ў тым фармаце, у якім яны лічаць неабходным. Але назавіце мне хоць адну акцыю, больш ці менш значную, арганізаваную псеўдаапазіцыйнымі групамі. Яны – прылада ў руках спецслужб. За пару дзён да Марша на шматлікіх сайтах з'явілася адразу дзве інфармацыі. Адна паведамляла пра тое, што нейкі апазіцыянер Дзяніс Дзянісаў выкраў грошы, сабраныя людзьмі ў заклад для яго вызвалення. У свой час да мяне таксама звярталіся з просьбай даць грошы пад заклад для гэтага маладога чалавека, якога называлі лідэрам моладзевай арганізацыі БУНТ. Я адмовіўся, таму што ведаю, што ў Беларусі юрыдычна няма такой формы як вызваленне з-пад варты пад заклад. Другая інфармацыя казала пра тое, што шэраг моладзевых арганізацый, у прыватнасці, БУНТ, не плануюць падчас Еўрапейскага Марша ісці на Бангалор. Гэтыя дзве інфармацыі стаялі побач. Але чамусьці ў першай не паведамлялася, што Дзяніс Дзянісаў, які скраў грошы, і з'яўляецца лідэрам БУНТу. Адгэтуль і маё сцвярджэнне, што гэтая правакацыя на Маршы была спланаваная спецслужбамі.
– Еўрапейскі Марш адбыўся. Што апазіцыя мае намер рабіць далей?
– За ўсю апазіцыю мне казаць складана. Але праеўрапейскія дэмакратычныя сілы працягнуць інфармацыйную кампанію "Еўрапейскі Марш". Тэма выканання ўладамі Беларусі 12 прапаноў ЕЗ і тэма інтэграцыі Беларусі ў Еўропу будзе краевугольным каменем нашай працы. Правал перамоваў беларускага ўрада з "Газпромам" аб паніжэнні цэнаў на газ і агрэсіўная антыпуцінская рыторыка Лукашэнкі паказваюць, што курс на нармалізацыю стасункаў з Еўропай становіцца галоўным і для ўлады. А без дэмакратызацыі жыцця ў краіне, без вызвалення беларускіх вязняў сумлення, без свабодных і сумленных выбараў, эканамічную дапамогу ад Еўразвяза цяперашняя ўлада не атрымае. Таму мы працягнем пачатае. Мы ведаем, куды ідзем і да чаго імкнемся.