«Gazeta Wyborcza»: «Беларусь даўно ня бачыла такой буйной маніфэстацыі»
- 16.10.2007, 11:00
Беларусь даўно ўжо ня бачыла такой буйной маніфэстацыі як Эўрапейскі Марш, сьцьвярджае польская «Gazeta Wyborcza». Акцыя праходзіла пад дэвізам: «Выканаць 12 умоваў Эўразьвязу». Газэта піша пра амаль 7 тысяч удзельнікаў.
Нагадаем, год таму Эўрапейская камісія запрапанавала беларускім уладам фінансавую падтрымку ўзамен за выкананьне 12 умоваў дэмакратызацыі краіны, у тым ліку вызваленьне палітычных вязьняў, спыненьне палітычных рэпрэсіяў і правядзеньне сьледзтва па спавах зьніклых апазыцыйных дзеячоў, а таксама правядзеньне свабодных дэмакратычных выбараў. Афіцыйны Менск замаўчаў гэтую прапанову. А апазыцыя стараецца надаць ёй як мага большы розгалас.
Улады цяпер зрабілі ўсё, каб на мерапрыемства прыйшло як мага меней людзей. Паводле праваабарончага цэнтру “Вясна”, напярэдадні Эўрапейскага маршу было затрымана блізу 40 асобаў.
14 кастрычніка тысячы ўладальнікаў мабільных тэлефонаў атрымалі смс- паведамленьні нібыта ад аднаго з арганізатараў маршу, намесьніка старшыні партыі БНФ Віктара Івашкевіча. У зьмесьце паведамленьня гаварылася аб тым, што зьмянілася месца правядзеньня акцыі. Як высьветлілася, была гэта дэзынфармацыя, падрыхтаваная КДБ. На выходныя ўладамі быў таксама заблякаваны доступ да інфармацыйных сайтаў беларускай апазыцыі, піша „Gazeta Wyborcza”.