9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свет даведаўся пра Еўрапейскі Марш беларусаў

1
Свет даведаўся пра Еўрапейскі Марш беларусаў

Еўрапейскі Марш, які адбыўся ў Менску 14 кастрычніка, асвятлялі вядучыя сусветныя агенцтвы «Рэйтэр», «Асашыэйтэд Прэс» і «Франс Прэс». Пра Марш беларусаў паведамлялі тэлеканал «Еўраньюс», радыёстанцыі «Голас Амерыкі» і «Бі-бі-сі». Паведамленні сусветных агенцтваў апублікавалі сусветныя выданні.

Каля 6 тысяч дэманстрантаў прайшлі Еўрапейскім Маршам па беларускай сталіцы ў нядзелю, пратэстуючы супраць Аляксандра Лукашэнкі, абвінавачванага Захадам у парушэнні асноўных правоў, паведамляе агенцтва «Рэйтэр» . Апазіцыя, раней разрозненая, выступіла на Маршы адзіным фронтам.

Дэманстранты скандавалі «Жыве Беларусь!» і «Беларусь – у Еўропу!». Шмат хто нёс сінія еўрапейскія і забароненыя бел-чырвона-белыя нацыянальныя сцягі.

«Мы арганізавалі гэты марш дзеля свабоднай Беларусі, каб заявіць, што мы рухаемся да Еўропы», – заявіў Аляксандр Мілінкевіч, апазіцыйны лідэр, які кінуў выклік Лукашэнку на леташніх выбарах. «Калі мяне пытаюць, як доўга мы будзем гэта рабіць, я кажу, што мы будзем дзейнічаць, пакуль не пераможам».

Размаўляючы з «Рэйтэрам» да акцыі, Мілінкевіч сказаў што, Марш пакажа, што Лукашэнка баіцца апазіцыі нават пры збліжэнні з Еўропай.

«Мы выходзім за Еўропу, за шлях Беларусі ў Еўропу», – сказаў ён. – «Але ўлады нават гэтага баяцца, хоць і заяўляюць пра сваё жаданне больш цесна супрацоўнічаць з Еўропай».

Мілінкевіч заявіў, што больш як 50 апазіцыйных актывістаў былі затрыманыя падчас падрыхтоўкі да акцыі пратэсту.

Тэлеканал «Russia Today» паведаміў, што «тысячы людзей выйшлі на вуліцы беларускай сталіцы Менска на рэдкую акцыю пратэсту супраць Аляксандра Лукашэнкі. Лідэры апазіцыйных сілаў назвалі яе «Еўрапейскі Марш». Дэманстранты выступалі за больш цесныя сувязі з Еўрапейскім Звязам. Шэсце было дазволенае беларускімі ўладамі. Дэманстрацыя скончылася мірна, без затрыманняў».

Радыёстанцыя «Бі-Бі-Сі» паведаміла, што «тысячы прыхільнікаў апазіцыі ў Беларусі ўзялі ўдзел у дэманстрацыі за супрацоўніцтва з Еўразвязам. Дэманстранты з шырокай кааліцыі апазіцыйных партый неслі еўрапейскія сцягі, скандуючы «Беларусь у Еўропу» і патрабуючы звярнуць расейскія ваенныя базы ў краіне. Апазіцыйны лідэр Мілінкевіч заявіў прысутным: «Еўропа значыць для нас свабодныя выбары для свабодных грамадзян».

«Бі-Бі-Сі» нагадвае, што Дзяржаўны дэпартамент ЗША назваў беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку «апошнім дыктатарам Еўропы». Яму адмоўленае ва ўездзе ў краіны Еўразвяза. Летась у беларускага ўрада ўзнік канфлікт з Расеяй на глебе паставак нафты. У жніўні Масква скараціла экспарт газу ў Беларусь амаль у 2 разы з прычыны неаплачанага доўгу.

Ініцыятыву правесці Еўрапейскі Марш прывіталі Вашынгтон і Брусэль. Тым не менш, апазіцыя заяўляе пра 50 затрыманых напярэдадні Марша актывістаў, нагадвае «Бі-бі-сі» .

Радыёстанцыя «Голас Амерыкі» паведаміла, што «тысячы прыхільнікаў апазіцыі прайшлі маршам па Менску ў нядзелю супраць аўтарытарнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Не менш за 5 тысяч людзей слухала апазіцыйнага лідэра Аляксандра Мілінкевіча, які патрабуе больш цеснага супрацоўніцтва з Еўропай, кажучы, што Еўропа азначае свабодныя выбары для свабодных грамадзян. Ён заявіў, што беларусы працягнуць пратэставаць датуль, пакуль не атрымаюць свабоду».

Дэманстрацыя была мірнай, адзначае «Голас Амерыкі», але са спасылкай на беларускі апазіцыйны сайт Хартыя’97, паведамляе пра тое, што беларускія ўлады не ўпусцілі віцэ-прэзідэнта Еўрапейскага Парламента Януша Анышкевіча ў краіну для выступу перад дэманстрантамі.

«Беларускія ўлады далі рэдкі дазвол на дэманстрацыю, хоць замест цэнтра горада людзям дазволілі сабрацца толькі ў аддаленым парку Менска», – адзначае «Голас Амерыкі».

Фота "Наша Ніва"

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках