Варвары ад улады
- 19.10.2007, 17:04
У Гомелі ўлады адмовілі грамадзкасьці ў правядзеньні жалобнага мітынгу, прымеркаванага да дня памяці продкаў – Дзядоў. “Траурны мітынг праводзіцца толькі падчас пахаванняў”, –абгрунтаваў адмову намесьнік старшыні Гомельскага гарвыканкаму Сяргей Парошын.
Жалобны мітынг мусіў адбыцца 27 кастрычніка. Заяўку на ягонае правядзеньне падалі актывісты па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Кастусь Жукоўскі і Святаслаў Шапавалаў, паведамляе “Радыё Рацыя”.
Па словах Кастуся Жукоўскага, “афіцыйна адмова была зробленая на падставе таго, што жалобны мітынг праводзіцца толькі падчас пахаванняў. Другая прычына адмовы – паводле гомельскіх уладаў праводзіць мітынгі ў горадзе можна толькі ў адным месцы – каля дома глуханямых “Віпра”.
Па словах арганізатараў, праз жалобны мітынг яны спадзяваліся прыцягнуць увагу грамадзкасьці да фактаў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчах Тры Слупы і Боркі, дзе плянавалася ўсталяваць у гэты дзень памятны камень.
Нагадаем, улетку 52-і пошукавы батальён эксгумаваў на тэрыторыі ўрочышчаў Тры Слупы і Боркі рэшткі 70 расстраляных людзей, якія, на думку актывістаў дэмакратычнага руху, пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсій.