9 чэрвеня 2026, aўторак, 22:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мітынг у Курапатах дазволены

1

Менскі аблвыканкам дазволіў правядзенне мітынгу памяці 28 кастрычніка ва ўрочышчы Курапаты. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Сяргей Папкоў.

Дазвол на правядзенне акцыі атрыманы 22 кастрычніка. «Нам дазволенае правядзенне мітынгу, які пачнецца ў 14 гадзін 30 хвілін 28 кастрычніка. Дазвол даў Менаблвыканкам бо ўрочышча знаходзіцца ў Менскім раёне. Тым не менш мы пакуль не атрымалі адказу ад Менгарвыканкама на правядзенне шэсця ў Менску», – адзначыў С.Папкоў.

Паводле яго слоў, пакуль не атрымана адказу на заяўку, пададзеную на 4 лістапада. У гэты дзень таксама плануецца традыцыйнае шэсце да Лошыцкага яра, дзе праводзіліся масавыя расстрэлы людзей у 1937 годзе.

«Мы разлічваем, што дазволы на правядзенне гэтых мерапрыемстваў будуць атрыманыя ў самы апошні момант. Нам цалкам зразумела, для чаго гэта робіцца: каб было як мага менш інфармацыі пра правядзенне традыцыйных шэсцяў у Дзень памінання продкаў «Дзяды». Таму ў Менгарвыканкаме нам нават па тэлефоне не кажуць, атрымаем мы дазвол ці не», – сказаў С.Папкоў.

Варта адзначыць, што Сойм Партыі БНФ на чале з Вінцуком Вячоркай, прыняў рашэнне падтрымаць шэсце і мітынг, які арганізуецца КХП-БНФ.

Паводле пададзеных у Менгарвыканкам заявак, 28 кастрычніка плануецца збор удзельнікаў жалобнага шэсця на пляцоўцы перад заводам «Луч» (станцыя метро «Парк Чалюскінцаў») у 10 гадзін 30 хвілін. А 11 гадзіне павінна пачацца шэсце па традыцыйным маршруце: праспект Незалежнасці, вуліца Каліноўскага, вуліца Сядых, урочышча Курапаты. Ва ўрочышчы ў 14 гадзін 30 хвілін павінен пачацца мітынг, прысвечаны памяці знішчаных там людзей.

4 лістапада а 12 гадзіне плануецца збор удзельнікаў каля будынка Камвольнага камбіната і ў далейшым – шэсце па праспекце Маякоўскага, каля Лошыцкага парка да памятнага крыжа, які ўсталяваны ў Лошыцкім яры.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках