Беларусь наведае кіраўнік Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека
- 22.10.2007, 15:28
На 29 кастрычніка запланаваны візіт у Беларусь прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхассен. У праграме знаходжання С.Белхассен запланаваны шэраг сустрэч з службоўцамі Міністэрства юстыцыі, Міністэрства ўнутраных спраў, актывістамі недзяржаўных праваабарончых арганізацый і прадстаўнікамі незалежнай прэсы.
«Раней мы планавалі, што яна прыедзе да правядзення Еўрапейскага Марша «За свабоду», аднак арганізацыя візіту зацягнулася. І цяпер Сухайр Белхассен, на жаль, не паспее нават на наш суд», – паведаміў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Нагадаем, 23 кастрычніка ў Вярхоўным судзе Беларусі пачнецца разгляд пазову грамадскага праваабарончага аб'яднання «Вясна» да Міністэрства юстыцыі на адмову ў рэгістрацыі.
Валянцін Стэфановіч таксама паведаміў, што 21 жніўня падчас асабістага прыёму беларускіх праваабаронцаў першы намеснік міністра юстыцыі Аляксандр Петраш быў паінфармаваны пра жаданне кіраўніка Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека сустрэцца з прадстаўнікамі міністэрства, але адказу з Мінюста пакуль не паступіла.
Міжнародная федэрацыя правоў чалавека – уплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя, заснаваная ў 1922 годзе. У складзе федэрацыі 141 праваабарончая арганізацыя з больш як 100 краін. Сярод прыярытэтаў: абарона праваабаронцаў, захаванне правоў жанчын, барацьба за правы чалавека і супраць тэрарызму.
За апошнія 25 гадоў федэрацыя арганізавала блізу 1 500 місій у больш як ста краінах. Місіі заўсёды суправаджаюцца кампаніямі прыцягнення ўвагі грамадскасці і нацыянальнага, рэгіянальнага і міжнароднага лабіявання.