9 чэрвеня 2026, aўторак, 21:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Збігнеў Буяк: «У інтарэсах Польшчы, каб у Беларусь прыйшла дэмакратыя і свабода»

Збігнеў Буяк: «У інтарэсах Польшчы, каб у Беларусь прыйшла дэмакратыя і свабода»

У Польшчы адбыліся датэрміновыя парламенцкія выбары. Паводле неафіцыйных дадзеных пасля апрацоўкі 99% бюлетэняў партыя «Грамадзянская платформа» Дональда Туска перамагае з 41,39% галасоў. Кіроўная цяпер «Права і справядлівасць» атрымала 32,16% галасоў выбаршчыкаў. За кааліцыю «Левых і дэмакратаў» прагаласавалі 13,2% выбаршчыкаў, Сялянскую партыю падтрымалі 8,93% грамадзян. Пракаментаваць вынікі парламенцкіх выбараў прэс-цэнтру Хартыі’97 пагадзіўся легендарны лідэр падпольнай польскай «Салідарнасці» Збігнеў Буяк, які раней двойчы абіраўся дэпутатам сейма, узначальваў парламенцкую камісію па ўнутраных справах і адміністрацыі і кіраваў Галоўным мытным ўпраўленнем Польшчы.

Спадар Буяк, Вы задаволеныя вынікамі парламенцкіх выбараў?

– Так, вельмі задаволены. Я думаю, што ўлада братоў Качыньскіх не прынесла Польшчы нічога добрага. Цяжка сказаць, якой была сістэма ўлады, якую яны праводзілі – аўтарытарызм з элементамі дыктатуры, з элементамі таталітарызму? Факт, што яны хацелі захапіць уладу цалкам – падпарадкаваць СМІ, канстытуцыйны суд, цэнтральны банк – абсалютна ўсё яны хацелі ўзяць у свае рукі. Палітыка Качыньскіх была вельмі агрэсіўнай, яны не бачылі ў апазіцыі супернікаў – толькі ворагаў, якіх трэба выключыць з палітычнага жыцця. Гэта быў стыль кіравання, які немагчымы ў Еўропе ХХІ стагоддзя. Вельмі добра для Польшчы, што гэтая ўлада сышла, і я веру, што кіраванне «Грамадзянскай платформы» будзе для маёй краіны значна больш карысным.

Чакалі вы перамогі на парламенцкіх выбарах «Грамадзянскай платформы»?

– Так, вядома. Для мяне «Грамадзянская платформа» заўсёды была фаварытам. Я аддаў ёй свой голас. Але я баяўся фальсіфікацыі выбараў. Аднак, я спадзяюся, што ўсё будзе добра, і Польшча толькі ўмацуе дэмакратыю, якая пры братах Качыньскіх была пад пагрозай.

У чым, на Ваш погляд, адрозненне праграмы «Грамадзянскай платформы» ад палітыкі партыі «Права і справядлівасць»?

– На мой погляд, палітыкі «Грамадзянскай платформы» больш прафесійныя, чым сябры партыі «Права і Справядлівасць». У «Грамадзянскую платформу» уваходзяць вялікія спецыялісты ў галіне эканомікі, дыпламатыі, адукацыі. Гэта добрыя людзі з вялікімі сувязямі ў свеце. Але галоўнае адрозненне ў ментальнасці. Паплечнікі Качыньскіх – людзі закрытыя, яны баяцца свету і Еўропы. «Грамадзянская платформа», наадварот, адкрытая для свету. Таму галоўнае адрозненне – псіхалагічнае. Вядома, палітыкі з «Грамадзянскай платформы» – зусім не анёлы, але гэта нармальныя і кампетэнтныя людзі.

Як зменіцца палітыка ў Польшчы ў цэлым пасля перамогі «Грамадзянскай платформы»?

– Найперш, зменіцца роля Польшчы ў Еўразвязе. Палітыка братоў Качынскіх кампраметавала Польшчу ў свеце. Гэта была палітыка нагнятання страху, грозных жэстаў, нікому непатрэбных канфліктаў з Нямеччынай, з Расеяй. Вядома, будаваць стасункі з Расеяй вельмі складана, але ў міжнароднай палітыцы, дыпламатыі неабходны прагматызм. Польшча будзе будаваць новыя стасункі з Еўропай і светам. Я думаю, што краіна будзе лепшым партнёрам для Еўразвяза, і будзе мець у ЕЗ магутныя пазіцыі.

Якія партыі ўвойдуць у кааліцыю з «Грамадзянскай платформай»?

– Я думаю, што ў кааліцыю з «Грамадзянскай платформай» увойдзе Сялянская партыя, таму што для антыкамуністычнага электарату «Грамадзянскай платформы» уз'яднанне з блокам «Левыя і дэмакраты», былымі камуністамі, было б незразумелым. Саюз з «Права і Справядлівасць», вядома, немагчымы. А Сялянская партыя ў апошнія гады прайшла вялікую эвалюцыю. Гэтая партыя сёння вельмі сучасная і адкрытая Еўропе. Яе лідэр Паўляк, былы прэм'ер-міністр Польшчы, чалавек вельмі адукаваны, кампетэнтны, з вялікім досведам.

Ці зменіцца палітыка Польшчы ў дачыненні Беларусі пасля парламенцкіх выбараў?

– Я думаю, што гэтая палітыка будзе вельмі адкрытай. У нашых інтарэсах, каб у Беларусь прыйшла дэмакратыя і свабода, і мы будзем працаваць дзеля таго, каб дачыненні з людзьмі, якія змагаюцца за дэмакратыю ў Беларусі, развіваліся больш інтэнсіўна. Мы ў Польшчы хочам, каб сітуацыя ў Беларусі развівалася ў бок паляпшэння. Мы гатовыя працаваць на карысць беларускага народа.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках