Беларускія чыноўнікі абражаюць пратэстантаў
10:15, — Палітыка
Спосабы ціску на пратэстанцкія цэрквы не мяняецца – вернікам не дазваляюць рэгістраваць аб’яднаньні, будаваць храмы ды праводзіць набажэнствы. Аднак апошнім часам да гэтых мэтадаў далучыліся абразы й пагрозы.
Пастар царквы хрысьціянаў веры евангельскай “Божая царква” Генадзь Кернажыцкі падчас вайго візыту ў Менгарвыканкам пачуў, што пратэстанты ў беларускай сталіцы “множацца як кацяняты”, таму дазволу на арэнду зямлі яны не атрымаюць. А на такія выказваньні сабе дазволіла кіраўнік аддзелe па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Менгарвыканкаму Ала Рабіцава.
Пастар Генадзь Кернажыцкі кажа, што чыноўніца не спынілася на абразах і пагрозах. Яна запатрабавала поўны сьпіс вернікаў “Божай царквы”. А праблемы пратэстантаў пачаліся пасьля таго, як пастыр Кернажыцкі й яго вернікі пачалі падтрымліваць менскую царкву “Новае жыцьцё”.
“На нашыя запыты ў Менгарвыканкаме не далі ніякага адказу, а пачалі чапляцца да нашых дакумэнтаў. На маё пытаньне, чаму нам не дазваляюць арэндаваць памяшканьне ці зямлю, яна адказала: “А што ж я зраблю, калі вы множыцеся як кацяняты?” Я, канешне, зьвярнуў увагу, што гэта абраза, але безвынікова. Потым Рабіцава пачала патрабаваць сьпіс нашых вернікаў, нават болей, анкеты, якія мы маем на кожнага чалавека. Я адмовіўся, спасылаючыся на тое, што гэта рашэньне нашага епіскапа Сяргея Хоміча, а акрамя таго, гэта сакрэт. Потым аказалася, што Рабіцава званіла епіскапу Хомічу й крычала на яго.
Тут прычына ў агульным стаўленьні да пратэстантаў, але й асабістым падыходзе да нас спадарыні Рабіцавай. Я раней працаваў у Беразіно. У нас не было ніякіх праблемаў з уладамі. Кіраўніцтва гораду бачыла, колькі мы робім дабра, займаемся дабрачыннасьцю.
Як людзі веруючыя, мы молімся й просім, каб Бог зьмяніў сытуацыю. Я заклікаю вернікаў маліцца за ўладу, за чыноўнікаў, каб яны навярнуліся. Бо калі чалавек далёкі ад Бога, то й да маральнасьці яму таксама далёка”, -- паведаміў пастар “Польскаму радыё”.
Ала Рабіцава сказала пастару Кернажыцкаму, што неўзабаве царкве будзе вынесена папярэджаньне.





