9 чэрвеня 2026, aўторак, 15:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У дзень разгляду закона аб амністыі пройдзе пікет у падтрымку Казуліна

24 кастрычніка з 17.00 актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) правядуць дазволены сталічнымі ўладамі трохгадзінны пікет на пляцоўцы ля цырка Шапіто па вуліцы Арлоўскай у Менску. «Гэта будзе пікет салідарнасці з пазапраўна асуджаным экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, кіраўніком нашай партыі Аляксандрам Казуліным», – паведаміў прэс-службе БСДП намеснік старшыні партыі Ігар Рынкевіч.

Месца правядзення пікету з'яўляецца адным з трох усталяваных з 1999 года рашэннем Менгарвыканкама для масавых мерапрыемстваў участкаў сталіцы. Пляцоўка цырка Шапіто па вул. Арлоўскай каля дома №66 знаходзіцца насупраць выставачнага павільёна «БелЭКСПА», размешчанага па праспекце Пераможцаў, 14. Колькасць заяўленых удзельнікаў – да 50 чалавек.

«Нягледзячы на “вясёлую” назву месца пікету, мы заявім самыя сур'ёзныя патрабаванні аб вызваленні А.Казуліна. Гэтыя патрабаванні мы адрасуем грамадзяніну Лукашэнку, які займае пасаду прэзідэнта Беларусі, і дэпутатам «палаты прадстаўнікоў», якія ў гэты дзень будуць разглядаць законапраект аб амністыі. Пад адпаведнымі петыцыямі будуць сабраныя подпісы грамадзянаў для перадачы вышэйшым адрасатам», – зазначыў І.Рынкевіч.

Дадзеныя звароты выкліканыя тым, што партыйныя паплечнікі А.Казуліна лічаць яго крымінальны пераслед палітычна матываваным, асуджэнне экс-кандыдата ў прэзідэнты пазапраўным, а самога А.Казуліна вязнем сумлення.

З прычыны таго, што пікет пройдзе ў гадавіну пачатку 53-дзённай палітычнай галадоўкі А.Казуліна, удзельнікі акцыі нагадаюць і пра праграмныя патрабаванні, з якімі прафесар Казулін звярнуўся да беларусаў, да ўсяго свету ўвосень 2006 года.

Мэтай пікетавання з'яўляецца таксама інфармаванне грамадзян аб дзейнасці БСДП (Грамада), уключна дзейнасць па вызваленні А.Казуліна. І, як лічыць І.Рынкевіч, «самым годным, актыўным спосабам падтрымаць сацыял-дэмакратычнага лідэра будзе ўступленне ў сябры ўзначаленай ім партыі». Таму грамадзяне на пікеце змогуць падаць заяву аб уступленні ў сябры БСДП (Грамада).

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках