10 чэрвеня 2026, Серада, 2:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка не выпускае з рук цыгарэты

Беларусь увяла дзяржаўную манаполію на імпарт цыгарэт, адмяніўшы пры гэтым кватаванне. Зробленае гэта згодна з патрабаваннем расейска-беларускага гандлёвага пагаднення, закліканага зрабіць свабодным узаемны рух тавараў. Эксперты, аднак, мяркуюць, што наяўнасць дзяржманаполіі не адкрые беларускі рынак для расейскіх цыгарэт, піша сёння «Независимая газета».

Дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі надзяляе правам увозіць у краіну тытунёвыя вырабы прадпрыемства «Беларусьгандль», якое належыць Упраўленню справамі прэзідэнта. А тытунёвая сыравіна – дзяржаўнаму вытворцу цыгарэт «Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» і прыватнаму, але вельмі блізкаму дзяржаве ТАА «Табак-инвест». Цяперашнія імпарцёры, а гэта ІП «Брыціш-Амерыкан Табака Трэйдзінг Кампаніі», ЧУП «Белкоопвнешторт Белкоопсоюза» і ТЧУП «Дэлфідзілінг» з новага года змушаныя будуць працаваць праз «Беларусьгандль». Яны, дарэчы, з сваёй доляй змірыліся. Прадстаўнік самага буйнога імпарцёра, пакінутага ў баку, «Брыціш-Амерыкан Табака», каментуючы прынятае рашэнне, сказаў, што кампанія была гатовая да такога, будзе працаваць з прызначаным імпарцёрам і стаўку зробіць на вытворчасць цыгарэт унутры краіны.

Нагадаем, што рэгуляваць тытунёвы рынак Беларусь пачала на патрабаванне Расеі. Міжурадавае пагадненне аб развіцці гандлёва-эканамічных стасункаў, падпісанае бакамі ў сакавіку гэтага года, прадугледжвала, што да 1 кастрычніка Беларусь адменіць «у дачыненні ўвозу расейскага тытуню і тытунёвых вырабаў кватаванне або ўжыванне эквівалентных яму мераў». Фармальна рашэнні, прынятыя ў Беларусі, кватаванне адмянілі. «Імпарт у Рэспубліку Беларусь тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў здзяйсняецца без колькасных абмежаванняў», – напісанае ў прэзідэнцкім дэкрэце. Па мясцовым заканадаўстве дазволена ўвозіць у краіну цыгарэты ў межах усталяваных урадам квот. На 2007 год квота складала 1,5 млрд. штук цыгарэт, або каля 10% рэспубліканскага рынку. Астатняе запатрабаванне зачыняюць мясцовыя вытворцы, і ў прыватнасці, фабрыка «Нёман», якую падтрымлівае дзяржава.

Эксперты мяркуюць, што Расея «не залічыць» Беларусі выкананне гэтага пункту пагаднення. Складана пагадзіцца з тэзісам, што дзяржманаполія на імпарт стане гарантыяй доступу расейскай прадукцыі на беларускі рынак. У гутарцы з «НГ» адзін з удзельнікаў рынку ўдакладніў, што ўрад добра падрыхтаваўся да адмены кватавання. Увесну ў Беларусі павысіліся стаўкі акцызаў на дарагія цыгарэты (беларускія вытворцы выпускаюць танныя), што зрабіла расейскую прадукцыю неканкурэнтаздольнай па цане. Па словах эксперта, «у сукупнасці гэтыя меры здольныя абмежаваць паток расейскай тытунёвай прадукцыі, стварыўшы спрыяльныя ўмовы для беларускіх таваравытворцаў».

З 19 абавязальніцтваў, прадугледжаных пагадненнем, не выкананым у тэрмін застаецца пункт аб пераходзе Беларусі на прынцыпы субсідавання айчыннага вытворцы, адпаведныя нормам СГА. Для Беларусі гэты пункт – самы балючы. «Мы вельмі доўга трымалі рэальны сектар эканомікі на іголцы дзяржаўнай падтрымкі», – прызналася нядаўна намесніца міністра эканомікі Беларусі Таццяна Старчанка. «Як бязбольна рэальнаму сектару зладзіцца з праблемамі росту энергазатрат, не разлічваючы на дзяржаўную дапамогу, – сёння гэта адна з найскладанейшых задач», – растлумачыла яна. Адкрытая канкурэнцыя, якой усімі праўдамі і няпраўдамі працівіцца Беларусь, небяспечная для беларускага вытворцы не менш.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках