Урад Кыргызстана адправілі ў адстаўку
- 24.10.2007, 10:44
Прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў адправіў урад у адстаўку, паведаміў ён 24 кастрычніка на пасяджэнні ўрада. Адстаўка ўрада звязаная з увядзеннем у дзеянне новай канстытуцыі Кыргызстана.
"Гэтая адстаўка не звязаная з ацэнкай дзейнасці ўрада. Лічу, што гэты склад урада паспяхова выканаў аб'ём пастаўленых задач", – заявіў прэзідэнт Бакіеў. Ён папрасіў урад "працаваць да фармавання новага кабінета" пасля парламенцкіх выбараў.
"Прэм'ер-міністра, згодна з новай канстытуцыяй, будзе прызначаць партыя, якая перамагла на парламенцкіх выбарах, а кабінет – фармаваць прэзідэнт сумесна з прэм'ер-міністрам. Спадзяюся, што да канца гэтага года ў нас будзе сфармаваны парламент і новы склад урада", – заявіў Бакіеў.
На рэферэндуме ў нядзелю жыхары Кыргызстана падтрымалі праект новай канстытуцыі, якая прадугледжвае, што парламент рэспублікі будзе абірацца выключна па партыйных спісах і складацца з 90 дэпутатаў замест сённяшніх 75. Прэм'ер-міністра будзе прызначаць партыя, якая атрымала больш за палову дэпутацкіх мандатаў.
Як паведамлялася, 22 кастрычніка Курманбек Бакіеў падпісаў указ аб роспуску парламента. Дату новых выбараў прызначыць Цэнтральная камісія па выбарах.