«Палатка» прыняла закон аб амністыі. Ці вызваляць палітвязняў?
1- 24.10.2007, 12:02
Законапраект "Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія здзейснілі злачынства" прыняты ў сераду «палатай прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Беларусі. У выніку амністыі ад адбывання пакарання могуць быць вызваленыя каля 3,5 тысяч асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення свабоды – каля 1,6 тысяч асуджаных.
Згодна з законапраектам, упершыню амністыя будзе распаўсюджвацца толькі на асуджаных. Калі раней пад амністыю падпадалі таксама асобы, крымінальныя справы ў дачыненні якіх знаходзяцца ў вытворчасці органаў папярэдняга расследавання або судоў, цяпер вызваленне ад крымінальнай адказнасці можа мець месца ў індывідуальным парадку па рашэнні кіраўніка дзяржавы паводле яго ўказу, які прадугледжвае вызваленне ад крымінальнай адказнасці асоб, якія спрыялі раскрыццю і ліквідацыі наступстваў злачынстваў.
Упершыню таксама амністыя будзе распаўсюджвацца на асоб, якія цалкам пакрылі прычыненую злачынствамі шкоду, якія падлягаюць спагнанню з іх па прысуду або іншаму рашэнню суду, якія ўступілі ў законную сілу.
Акрамя таго, паводле праекту, вызваляюцца ад пакарання асуджаныя за злачынствы, пакаранне за якія прадугледжанае крымінальным законам да 6 гадоў пазбаўлення свабоды. Гаворка ідзе пра льготныя катэгорыі асоб – непаўналетніх, цяжарных жанчын, жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, пенсіянераў, інвалідаў, хворых на сухоты, ВІЧ-інфікаваных, ветэранаў баявых дзеянняў, удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, асобаў, што атрымалі раненні пры выкананні абавязкаў у перыяд праходжання службы па-за залежнасці ад тэрміна адбытага пакарання.
Ад пакарання будуць вызваленыя асуджаныя асобы, якія адбылі не менш за адну траціну прызначанага тэрміна абмежавання свабоды, пазбаўленні свабоды, накіравання ў дысцыплінарную воінскую частку, а таксама асуджаныя да арышту па-за залежнасці ад тэрміна яго адбыцця. Гэта тычыцца таксама асуджаных за асобныя цяжкія эканамічныя злачынствы: крадзеж, махлярства (за выключэннем асоб, якія здзейснілі гэтыя злачынствы ў складзе арганізаванай групы) і адбыўшыя не менш за адну траціну прызначанага тэрміна пакарання.
Разам з тым, амністыя не распаўсюджваецца на асоб, да якіх раней ужываліся амністыя або памілаванне і якія ізноў здзейснілі наўмыснае злачынства. Акрамя таго, гэта тычыцца асоб, злосна парушаючых усталяваны парадак падчас адбывання пакарання, якія дапусцілі асоба небяспечны рэцыдыў.
Амністыя не будзе тычыцца таксама асоб, якім пакаранне смерцю ў парадку памілавання замененае пажыццёвым зняволеннем альбо пажыццёвае зняволенне замененае пазбаўленнем свабоды, асуджаных да пажыццёвага зняволення, асуджаных за стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй альбо за бандытызм, а таксама асоб, абвешчаных у вышук у сувязі з ухіленнем ад адбывання пакарання.
Ці будуць вызваленыя палітвязні?
Беларускія ўлады па-ранейшаму адмаўляюць наяўнасць у краіне палітвязняў. "Ніякіх палітычных артыкулаў у нашым крымінальным кодэксе няма, а, такім чынам, няма і ніякіх палітычных зняволеных", – заявіў міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў журналістам пасля прыняцця парламентам праекту закона аб амністыі.
Па словах У.Навымава, людзі, якіх апазіцыя называе палітвязнямі, "асуджаныя за крымінальныя злачынствы". Міністр таксама сказаў, што "калі гэтыя людзі трапляюць пад артыкулы законапраекта аб амністыі, то да іх будзе ўжыты гэты інстытут".
Сам Навумаў, нагадаем, нараўне з іншымі беларускімі вышэйшымі службоўцамі, падазраецца міжнароднай супольнасцю ў дачыненні да выкраданняў і забойстваў лідэраў беларускай апазіцыі. За гэта яму забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША.
У Беларусі сёння па палітычных матывах за кратамі знаходзяцца Аляксандр Казулін, Андрэй Клімаў, Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў. Ад таго, як будзе вырашаны іх далейшы лёс, залежыць нармалізацыя стасункаў Беларусі з Еўропай.