9 чэрвеня 2026, aўторак, 16:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы называюць амністыю «адной з самых няўдалых»

24 кастрычніка дэпутаты ніжняй палаты беларускага «парламента» прынялі законапраект аб амністыі ў першым і другім чытаннях. Калі закон будзе прыняты да 1 снежня 2007 г, правесці амністыю можна на пачатку 2008 г.

Паводле праекту закона аб амністыі, плануецца адпусціць на свабоду больш як дзве з паловай тысячы чалавек – 1 тысяча 700 чалавек, якія адбываюць пакаранне ва ўстановах закрытага тыпу і 850 чалавек, што адбываюць пакаранне ва ўстановах адкрытага тыпу.

Пры гэтым, каб выйсці на волю трэба выканаць шэраг патрабаванняў, у прыватнасці, цалкам кампенсаваць нанесеную злачынствам шкоду. Акрамя таго, законапраект распаўсюджваецца на асоб, асуджаных на тэрмін пазбаўлення свабоды не больш як на 6 гадоў, калі на дзень уступлення ў сілу дакумента яны адбылі не менш за траціну прызначанага тэрміна.

Па словах намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Рынкевіча, нормы, якія выкладзеныя ў праекце «не дазволяць распаўсюдзіць гэтую амністыю на Казуліна, Дашкевіча, Клімава. У Клімава ўжо была амністыя, гэта агульная норма, што на яго цяпер не распаўсюджваецца амністыя. Што тычыцца Казуліна, ён яшчэ не адбыў траціну ад тэрміна. Ёсць і іншыя пункты».

Ігар Рынкевіч падкрэсліў, што беларуская дэмакратычная грамадскасць падрыхтавала петыцыю з прапановамі змянення, якія дазволілі б распаўсюдзіць гэты закон на палітвязняў. Петыцыю планавалася перадаць «дэпутатам», «але яны за лічаныя секунды адразу ў двух чытаннях без змяненняў прынялі законапраект. Прыняты той праект, які падрыхтаваны юрыстамі адміністрацыі прэзідэнта. Тое, што задумала выканаўчая ўлада – дэпутаты праштампавалі».

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец лічыць, што правядзенне амністыі «дае беларускім уладам выдатную магчымасць прадэманстраваць добрую волю і адпусціць палітычных зняволеных на свабоду», аднак улады ёй не карыстаюцца і не хочуць.

На думку Андрэя Бастунца, у Беларусі празмерна жорсткае крымінальнае пакаранне.

«Занадта шмат людзей падпадаюць пад яго і падвяргаюцца пазбаўленню свабоды. Беларусь займае адно з першых месцаў па колькасці зняволеных на 100 тысяч насельніцтва», – кажа эксперт.

Намеснік старшыні БАЖ лічыць, што было б больш проста і натуральна «ўдасканаліць заканадаўства ў кірунку яго змякчэння з тым, каб амністыі не трэба было б праводзіць так часта, вызваляць перапоўненыя турмы».

Правядзенне амністыі характэрнае шмат для якіх дзяржаў, сказаў у інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» намеснік старшыні «Беларускага Хельсінскага камітэта» Гары Паганяйла:

«Час ад часу да якой-небудзь даты або яшчэ з нейкай нагоды ад імя дзяржавы прымаецца такі акт як закон аб амністыі. Нашы суды вельмі шмат грамадзян кідаюць у турмы, таму раз у два гады праводзіцца гэтая працэдура. Былі законы, калі з месцаў пазбаўлення волі выходзілі па 10-13 тысяч чалавек».

З года ў год змяняецца змест самога акту аб амністыі, гаворыць Гары Паганяйла: на каго ён распаўсюджваецца, пры якіх умовах, і як гэты закон прыводзіцца ў выкананне.

Трэба адзначыць, што ў Беларусі цяпер у месцах пазбаўлення свабоды адбывае пакаранне каля 38 тыс чалавек, з якіх 50% – асуджаныя за здзяйсненне злачынстваў супраць уласнасці і за парушэнне парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці.

На думку Гары Паганяйлы, цяперашні праект закона «адзін з самых няўдалых». Бо распаўсюджвацца ён будзе на вельмі абмежаванае кола асоб і «не захопіць асоб, пра якіх усе шмат гавораць – палітвязняў».

Нагадаю, апошнім разам амністыя ў Беларусі праводзілася да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нацыстаў каля двух гадоў таму. Гэта была шостая амністыя, праведзеная ў Беларусі з ініцыятывы прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Новы законапраект аб амністыі павінен прайсці яшчэ два этапы – верхнюю палату парламента і стол прэзідэнта краіны.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках