Станцыю метро «Кастрычніцкая» зачыняць улетку 2008 года
- 25.10.2007, 11:02
Рэканструкцыю эскалатара станцыі Менскага метрапалітэна "Кастрычніцкая" на перасадачным вузле "Кастрычніцкая–Купалаўская" ў Менску плануецца зрабіць улетку 2008 года. Пра гэта паведаміў дырэктар дзяржаўнай установы "Сталічны транспарт і сувязь" Валеры Шкуратаў сёння на сесіі Менскага гарадскога Савета дэпутатаў.
На месцы трох эскалатараў будуць усталяваныя чатыры, што дазволіць павялічыць прапускную здольнасць перасадачнага вузла. У перспектыве паменшыць пасажырапаток дапаможа падаўжэнне першай лініі метро ў мікрараёне Уручча на 2,8 км з двума станцыямі і ў мікрараёне Малінаўка на 6,8 км з чатырма станцыямі да 2011 года.
У 2008 годзе на другой лініі менскага метро плануецца ўвесці пяцівагонныя саставы, да 2010 года скараціць сярэдні інтэрвал руху да дзвюх хвілін.