9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Козік размаўляе сам з сабою…

Кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі вокамгненна адрэагавала на заяву лідэра Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука з нагоды парушэння рэгламенту працы Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.

Інфармацыя пра тое, што НСПСП сёлета правёў усяго адно пасяджэнне, у той час, як па рэгламенце ён павінен збірацца не радзей аднаго разу ў тры месяца, з'явілася на сайце www.praca-by.info 23 кастрычніка. На наступны дзень, 24 кастрычніка, сайт ФПБ паведаміў, што старшыня Федэрацыі Леанід Козік накіраваў ліст сустаршыне НСПСП, першаму намесніку старшыні Савета Міністраў Уладзіміру Сямашку, у якім «настойвае на неадкладным правядзенні пасяджэння Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях».

Нагадаем, лідэр незалежнага прафцэнтра яшчэ паўтара месяца таму, 7 верасня, накіраваў у адрас сустаршыняў Савета, сярод якіх, дарэчы, ёсць і кіраўнік ФПБ Леанід Козік, прапанову ў двухтыднёвы тэрмін сабраць пасяджэнне. Аляксандр Ярашук прапаноўваў разгледзець узніклыя апошнім часам сур'ёзныя праблемы ў сферы сацыяльна-эканамічнай палітыкі краіны. Адказу на гэтую прапанову няма дагэтуль. Праўда, калі не лічыць за яго рэакцыю кіраўніка ФПБ.

Тым не менш Ярашук спадзяецца, што ўрад пачуе заклікі Козіка, і зверне ўвагу на такія праблемы як адмена ільгот, прыняцце новых законаў «Аб прафсаюзах» і «Аб прафесійным пенсійным страхаванні», выкананне рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы.

Разам з тым, лідэр БКДП выказаў здзіўленне з нагоды настойлівага характару звароту кіраўніцтва ФПБ. «У дадзеным выпадку Леанід Пятровіч выпусціў добрую магчымасць прамаўчаць, – лічыць Аляксандр Ярашук. – Бо Козік сам з'яўляецца сустаршынёй Савета, атрымліваецца, што звяртаецца ён практычна сам да сабе і ў самога сябе патрабуе склікаць Савет. Летась, калі за працу Савета адказвала ФПБ, было ўсяго два пасяджэння, прычым, апошняе – 17 жніўня 2006. Гэта значыць да канца года як мінімум мусіла адбыцца хаця б яшчэ адно. А тут яны з абурэннем заяўляюць, што парушаны рэгламент. Можа цяпер і Козік упэўніцца ў неабходнасці існавання незалежнага прафцэнтру. А то Леанід Пятровіч і не ўспомніў бы, што ёсць надзённыя праблемы, якія хвалююць працаўнікоў Беларусі».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках