Улады не губляюць надзеі атрымаць расейскія грошы
- 26.10.2007, 12:35
Беларусь усё яшчэ разлічвае атрымаць у гэтым годзе расейскі стабілізацыйны крэдыт у 1 млрд. даляраў.
Міністр фінансаў Беларусі Мікалай Корбут заявіў 26 кастрычніка ў Менску, што «сёлета мы запыталі 1 млрд. даляраў і 500 млн. на будучы год». Пры гэтым міністр аспрэчыў сцвярджэнні расейскага амбасадара Аляксандра Сурыкава пра тое, што атрыманне расейскага стабкрэдыту звязанае з дэфіцытам бюджэту Беларусі, паведамляе Інтэрфакс. «Мы запытваем крэдыт на фінансаванне гандлёва-эканамічных стасункаў. Гаворкі пра дэфіцыт нашага бюджэту не ішла», – сказаў службовец.
Пры гэтым, па словах М.Корбута, запатрабаванні ў знешнім фінансаванні Беларусі ацэньваюцца ў 2 млрд даляраў. «Мы на 2 млрд сталі больш плаціць Расеі за энерганосьбіты і гэтую суму трэба неяк кампенсаваць», – сказаў міністр.