Любамір Рэгак: «Амністыя была б зручным і бязбольным вырашэннем пытання аб палітвязнях»
10:32, — Палітыка
«Наконт палітвязняў паміж беларускімі ўладамі і міжнароднай супольнасцю існуюць рознагалоссі: ёсць палітвязні ў краіне ці няма. З прычыны таго, што гэтая тэма ўвесь час паднімаецца, відаць, што ніводны бок пакуль не гатовы ісці на кампраміс у гэтым пытанні. Амністыя, якая мае быць, у гэтым кантэксце была б зручным і бязбольным вырашэннем спрэчкі, што з'яўляецца сур'ёзнай перашкодай у пабудове нармальных стасункаў Беларусі з Еўразвязам», – заявіў часовы павераны ў справах Славакіі ў Беларусі Любамір Рэгак у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97, каментуючы прыняцце “палатай прадстаўнікоў” у двух чытаннях закона “Аб амністыі”. Амбасаду Славакіі, нагадаем, прадстаўляе ў Беларусі Еўрапейскі Звяз.
Дыпламат падкрэсліў, што вызваленне палітвязняў – выключна ўнутранае пытанне беларускага боку. «Ці знойдзе ён дастатковую колькасць добрай волі, каб зняць праблему палітвязняў шляхам амністыі, або будзе ў будучыні шукаць іншыя спосабы вырашэння гэтага пытання», – гаворыць Любамір Рэгак.
Па словах часовага паверанага ў справах Славакіі ў Беларусі, Еўропа не ставіць пад сумнеў факт існавання ў Беларусі палітвязняў. «У гэтым пытанні мы абапіраемся на экспертызу «Міжнароднай амністыі», таму можам сказаць, што ў Беларусі насамрэч ёсць людзі, якіх асудзілі за палітычную актыўнасць», – сказаў Любамір Рэгак.
У сувязі з пастаяннымі заявамі афіцыйнага Менска пра неабходнасць нармалізацыі стасункаў з Еўразвязам Любамір Рэгак заявіў:
«Сёння і афіцыйны Менск, і Еўразвяз хочуць паўнавартаснага дыялогу. Але паўнавартаснага супрацоўніцтва ў гэтых умовах дасягнуць вельмі складана».





