9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы ўспомнілі ахвяр камуністычных рэпрэсій і патрабавалі вызваліць палітвязняў (Фота)

10
Беларусы ўспомнілі ахвяр камуністычных рэпрэсій і патрабавалі вызваліць палітвязняў (Фота)

Мемарыяльнае шэсце і мітынг, прысвечаныя «Дзядам» – Дню памяці продкаў – прайшлі 28 кастрычніка ў Менску. У акцыях узялі ўдзел ад адной з паловай да дзвюх тысяч чалавек. Дэманстранты прайшлі калонай пад бел-чырвона-белымі нацыянальнымі сцягамі па праспекце Незалежнасці і ўшанавалі памяць рэпрэсаваных у 1920-1930 гады беларусаў ва ўрочышчы Курапаты – месцы, дзе былі забітыя і пахаваныя дзесяткі тысяч ахвяр сталінскага тэрору. Удзельнікі мемарыяльнага шэсця таксама патрабавалі вызваліць сённяшніх беларускіх палітвязняў – Аляксандра Казуліна, Змітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Андрэя Клімава і іншых вязняў сумлення.

Заяўку на правядзенне шэсця і мітынгу падавала Кансерватыўна-Хрысціянская партыя – БНФ. Акцыю падтрымалі прадстаўнікі Партыі БНФ, а таксама аргкамітэт грамадскай камісіі па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій і грамадскі аргкамітэт па ўвекавечанні памяці ахвяр сталінізму.

Шэсце пачалося а 11 гадзіне ля Менскага гадзіннікавага завода. Удзельнікі акцыі прайшлі па праспекце Незалежнасці, вуліцам Каліноўскага, Сядых, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі да Менскай кальцавой аўтадарогі, дзе знаходзіцца Урочышча Курапаты. Дэманстранты неслі дзесяткі бел-чырвона-белых сцягоў, каля 10 драўляных крыжоў, якія яны ўсталявалі ва ўрочышчы Курапаты, расцяжкі «Малады Фронт», «1937-2007», «Свабоду Дашкевічу», плакаты «Свабоду Казуліну», «Камунізм – пад трыбунал», «Салідарнасць – наш супраціў расейскай акупацыі».

Сярод удзельнікаў акцыі намеснікі старшыні КХП-БНФ Юры Беленькі і Сяргей Папкоў, старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, намеснік старшыня Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, палітык Вячаслаў Сіўчык, намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч, моладзевы лідэр Зміцер Хведарук, сваякі ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Удзельнікаў мемарыяльнага шэсця суправаджалі супрацоўнікі міліцыі і ДАІ. Яны здымалі дэманстрантаў на відэакамеры. Падчас перасячэння праспекта Незалежнасці міліцыянты паспрабавалі прымусіць людзей спусціцца ў падземны пераход. Іх цалкам не турбавала бяспека ўдзельнікаў шэсця – людзей было вельмі шмат, падземны пераход – вузкі. Калона прайшла па падарожнай частцы.

Вядома, што па ходзе шэсця ў дварах стаялі аўтобусы з супрацоўнікамі АМАПа.

Па дарозе ў Курапаты людзі скандавалі «Жыве Беларусь», спявалі «Пагоню», гімн «Магутны Божа».

У Курапатах шэсце скончылася, і пачаўся мітынг. Удзельнікі акцыі ўсталявалі ва ўрочышчы новыя драўляныя крыжы – для людзей, якія шмат гадоў назад былі забітыя і пахаваныя ў агульных магілах.

Нагадаем, што нядаўна ў Курапатах вандалы зламалі Крыж пакут (Крыж пакут быў усталяваны ў Курапатах 18 гадоў таму на Дзяды. Людзі прынеслі яго да ўрочышча на руках ад будынка КДБ праз увесь горад). Быў створаны грамадскі камітэт для аднаўлення Крыжа пакут на чале з даследнікам Курапатаў, старшынёй КХП БНФ Зянонам Пазняком. Мемарыяльны знак быў адноўлены некалькі дзён таму.

Трэба адзначыць, што акты вандалізму ў Курапатах здараюцца пастаянна. Аднак міліцыя так і не знаходзіць невядомых зламыснікаў. Тым не менш, беларусы рэгулярна, па суботах, праводзяць ва ўрочышчах талаку – і ставяць усё новыя і новыя крыжы….

2007 год абвешчаны грамадскасцю Годам памяці ахвяр палітычных рэпрэсій: 70 гадоў таму масавыя палітычныя рэпрэсіі ў СССР дасягнулі сваёй кульмінацыі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках