Правакацыя супраць Паўла Шарамета ў Менску
14
12:21, — Палітыка
У суботу раніцай невядомыя людзі ўзламалі аўтамабіль, які належыць вядомаму журналісту Паўлу Шарамету, і вывелі яго з строю. Па шчаслівай выпадковасці, журналіст не выехаў на машыне ў Маскву, як першапачаткова збіраўся, і няспраўнасці былі выяўленыя яшчэ ў горадзе.
Аўтамабіль быў прыпаркаваны ў самім цэнтры беларускай сталіцы, у 20 метрах ад амбасады адной з заходнееўрапейскіх краін. Злачынцы дзейнічалі на вачах міліцыі, якая ахоўвае будынак амбасады кругласутачна. Фактычна пад наглядам міліцыі яны будаўнічай мантажнай пенай залілі глушыцель аўтамабіля, а таксама засыпалі ў бензабак цукар і аслабілі гайкі ў пярэднім коле. Не выключана, што пасля абследавання аўтамабіля на аўтасэрвісе будуць выяўленыя іншыя пашкоджанні.
Аднак ужо відавочна, што працавалі прафесіяналы, а не выпадковыя хуліганы. Аўтамабіль новы, на ім усталяваная складаная сістэма сігналізацыі, і, напрыклад, адкрыць бензабак так, каб не спрацавала сістэма сігналізацыі, без спецыяльных ведаў проста нельга.
«Гэта вельмі падобнае на почырк людзей Навумава. Вясковы кандовы стыль рабіць гадасці: апэцкаць вароты суседа дзярмом, наліць мачы ў малако… Увогуле, у горадзе цукар у бензабак ужо даўно ніхто не сыпле, гэта вясковыя забавы. Бо цяпер у КДБ і МУС запісваюць цэлымі вёскамі, то яны свае парадкі пераносяць і на службу. Нянавісці ў іх шмат, а мазгоў і выхавання відавочна бракуе», – пракаментаваў здарэнне Павал Шарамет.
Гэта ўжо не першы выпадак падазронага псавання рухомай маёмасці прадстаўнікоў апазіцыі і крытыкаў беларускіх улад. Нядаўна на трасе Берасце–Менск у аўтамабілі, на якім ехалі Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька, хтосьці адкруціў гайкі на коле. Шчасце, што «псаванне» заўважылі да выезду на хуткасную трасу, у адваротным выпадку палітыкі наўрад ці засталіся б жывыя. «Ад прамых выкраданняў і забойстваў спецслужбы пераходзяць да ўтоеных удараў цішком, цяпер яны спрабуюць наладзіць аўтамабільныя аварыі, а хутка пачнуць труціць апазіцыянераў», – лічыць Павал Шарамет.
Напісаць каментар (14)





