Прэзідэнт МФПЧ: «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі – адна з горшых у рэгіёне»
- 29.10.2007, 15:14
«Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі – адна з горшых у рэгіёне», – пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН заявіла прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхассен, якая знаходзіцца з візітам у Менску 29–31 кастрычніка. «Для нас вельмі важна было сюды прыехаць, – адзначыла яна. – Таму што, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, якім падвяргаюцца беларускія праваабаронцы, нягледзячы на нядаўняе рашэнне Вярхоўнага суду не рэгістраваць грамадскую праваабарончую арганізацыю "Вясна", яны працягваюць дзейнасць па абароне правоў чалавека. Яны рыхтуюць тых, хто потым, з цягам часу, будзе праводзіць рэформы ў краіне», – лічыць спадарыня Белхассен.
Па словах праваабаронцы, яна – першая жанчына з краін арабскага рэгіёна, абраная паўгода таму прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека на кангрэсе гэтай арганізацыі. "У гэтым сэнсе беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі таксама з'яўляецца знакавай фігурай – як першы віцэ-прэзідэнт, абраны з краін усходнееўрапейскага рэгіёна. Для нас гэта было вельмі важна сімвалічна, і для мяне было важна нанесці другі міжнародны візіт у Беларусь – пасля Калумбіі. Неабходна падтрымаць праваабарончы рух у Беларусі, бо тут праваабаронцы падвяргаюцца вялікаму ціску", – падкрэсліла С.Белхассен.
Яна адзначыла, што "вельмі хацела прысутнічаць на судовым працэсе з нагоды рэгістрацыі "Вясны" (ён завяршыўся 26 кастрычніка. – БелаПАН), аднак позна атрымала візу.
Спадарыня Белхассен падкрэсліла: "Для нас вельмі важна менавіта падтрымаць грамадзянскую супольнасць, да якой у Беларусі ставяцца так, нібыта яна нясе нейкую небяспеку для ўлады. Гэта важнае яшчэ і таму, што шматлікія беларускія арганізацыі працуюць па тэмах, якія наўпрост закранаюць дзейнасць Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, – барацьба за адмену пакарання смерцю, барацьба супраць гвалтоўных знікненняў, супраць карупцыі".
Міжнародная федэрацыя правоў чалавека – уплывовая праваабарончая арганізацыя, заснаваная ў 1922 годзе. Яна аб'ядноўвае больш як 140 праваабарончых арганізацый з розных краін свету. Прыярытэтнымі кірункамі дзейнасці федэрацыі з'яўляюцца барацьба за правы чалавека і абарона праваабаронцаў. За апошнія 25 гадоў федэрацыя арганізавала блізу паўтары тысяч місій у краіны, дзе існуюць праблемы з захаваннем правоў чалавека.