9 чэрвеня 2026, aўторак, 22:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы ўшанавалі 70-я ўгодкі масавага расстрэлу інтэлігенцыі

29 кастрычніка 1937 году ў Менску адбыўся масавы расстрэл беларускай інтэлігенцыі. Ва ўнутранай турме НКВД за адну ноч былі забітыя каля ста чалавек, 22 зь іх — пісьменьнікі. У 70-я ўгодкі трагедыі прадстаўнікі грамадзкасьці наведалі месцы пахаваньня ахвяраў бальшавіцкага тэрору ў Менску. Улады не дазволілі мітынгу-рэквіему ў Курапатах.

Набажэнства на месцах пахаваньняў адпраўляў праваслаўны сьвятар Леанід Акаловіч. Запалілі сьвечкі і ўсклалі кветкі на Кальварыі, у Лошыцы, Трасьцянцы, парку Чалюскінцаў, паведаміла “Радыё Свабода”.

Сярод удзельнікаў помнай імпрэзы былі вядомыя палітыкі й грамадзкія дзеячы, такія, як Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Мікола Купава ды іншыя.

“Безумоўна, кожны беларус павінен пабыць у гэтых месцах Менску, дзе пахаваныя беларускія пакутнікі ад камунізму. Бо дух камунізму дзейнічае і дагэтуль. Тое, што мы бачым лініі Сталіна, ушанаваньне Леніна з боку ўладаў, паказвае на тое, што гэтае змаганьне ня скончанае”, -- гаворыць Павал Севярынец.

Жалобная імпрэза адбылася з ініцыятывы аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Плянавалася, што ў Курапатах адбудзецца мітынг-рэквіем, аднак улады яго забаранілі. Ва ўрочышчы прайшло набажэнствам з удзелам сьвятароў грэка-каталіцкай канфэсіі.

Аднак жалобныя імпрэзы да 70-й гадавіны кульмінацыі бальшавіцкага тэрору гэтым не завяршаюцца.

“Ад нас чакаюць, што сёньня мы правядзем імпрэзы й на гэтым усё завершыцца. Аднак на гэтым усё не завершыцца: наперадзе грамадзкі суд над сталінізмам, наперадзе праца над ушанаваньнем памяці ахвяраў. Таму гэтая праца будзе працягвацца”, -- паведаміў гісторык Ігар Кузьняцоў.

Удзельнікаў акцыі памяці ўсю дарогу супрацоўнікі міліцыі й невядомыя асобы ў цывільным.

Грамадзкі аргкамітэт ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў паўстаў у 2006 годзе дзеля падрыхтоўкі помных імпрэзаў да 70-х угодкаў кульмінацыі бальшавіцкага тэрору 1937 году.

Аргкамітэт складаюць прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, палітыкі, навукоўцы, былыя рэпрэсаваныя. Яго ўзначальваюць навуковец Ігар Кузьняцоў і пісьменьнік Васіль Якавенка.

Сябры аргкамітэту прапанавалі ўладам абвясьціць 2007 год Годам памяці ахвяраў рэпрэсіяў 1920—1950-х гадоў, а 29 кастрычніка — Днём памяці ў Беларусі. Аднак былы старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка назваў гэтую прапанову “нямэтазгоднай”.

Напярэдадні ў Курапатах адбылося традыцыйнае масавае шэсьце і мітынг, прымеркаваныя да Дзядоў. Днямі тут аднавілі Крыж памяці і так званую “Лаву Клінтана” — падарунак амэрыканскага народу беларускаму — раней іх разбурылі невядомыя зламысьнікі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках