9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амапаўцы могуць зьбіваць беспакарана?

Ленінскі суд Менску не задаволіў скаргу праваабаронца Алега Воўчака да пракуратуры. Судзьдзя Ігар Германовіч палічыў дакладнымі дзеяньні сьледчых пракуратуры Ленінскага раёна адносна Алега Воўчака.

Праваабаронца патрабаваў завесьці крымінальную справу супраць невядомых, якія зьбілі яго 17 лютага 2006 году ў будынку нацыянальнага прэс-цэнтру. Алег Воўчак даводзіў у судзе, што пракуратура парушыла закон, калі адмовілася расьсьледаваць ягонае зьбіцьцё падчас мінулай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, паведамляе “Радыё Свабода”.

Нагадаем, тады Алега Волчака, які быў у складзе чальцоў перадвыбарнага штабу кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, не пусьцілі ў будынак невядомыя людзі ў цывільным. Паводле Алега Волчака, яго яшчэ і зьбілі ды пырснулі яму ў твар сьлезацечным газам. Гэтыя падзеі былі засьнятыя на відэакамэру, потым іх паказала дзяржаўнае тэлебачаньне.

Пракуратура Ленінскага раёну Менску 11 чэрвеня 2006 году адмовілася завесьці крымінальную справу і ня стала высьветляць асобы нападнікаў. Паводле Алега Волчака, які ў канцы 1990-ых гадоў сам працаваў сьледчым, падчас праверкі ягонай заявы не былі зробленыя дзеяньні, якіх патрабуе закон.

Сярод іншага Алег Волчак прасіў выклікаць ў суд ў якісьці сьведкі Аляксандра Казуліна, які цяпер адбывае пакараньне ў віцебскай калёніі. Але судзьдзя хадайніцтва не задаволіў. Такім самым быў лёс хадайніцтва пра далучэньне да матэрыялаў справы відэафільму пра падзеі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры. Тады Алег Волчак заявіў пра недавер судзьдзі Ігару Германовічу.

Алег Волчак заяўляе, што ня зьмірыцца з такім рашэньнем судзьдзі і будзе скардзіцца ў камітэт правоў чалавека ААН.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках