Юры Кулакоўскі: Законапраект «Аб інфармацыі» лапацяць і лапацяць...
- 4.10.2007, 18:50
У парадку дня сесіі «палаты прадстаўнікоў», якая стартавала 2 кастрычніка, пакуль няма законапраекту “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”, хаця дакумент “рыхтуецца на гэтую сесію”. Пра гэта паведаміў старшыня камісіі правоў чалавека, нацыянальных дачыненняў і сродкаў масавай інфармацыі «палаты прадстаўнікоў» Юры Кулакоўскі карэспандэнту Радыё “Свабода”.
“Яны ўнеслі да яго вельмі многа паправак, – зазначыў Юрый Кулакоўскі. – Як кажуць, лапацяць і лапацяць”.
Між тым, як паведаміла БелаПАН Таццяна Сафроненка – старшыня «дэпутацкай» рабочай группы, якая адказвае за распрацоўку згаданага дакумента, - 10 кастрычніка група плануе абмеркаваць вынікі міжнароднай экспертнай ацэнкі законапраекта.
Магчыма, працэс актывізуецца пасля таго, як прадставіць свае напрацоўкі міжведамасная рэспубліканская рабочая група па вывучэнні замежнага досведу прававога рэгулявання Інтэрнэту. Намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук нядаўна паведаміў, што гэта здарыцца ў сярэдзіне кастрычніка.
Нагадаем, што праект закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” быў вынесены на разгляд дэпутатаў 7 сакавіка 2007 года Саветам Міністраў. Законапраект быў ініцыяваны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, а таксама Дзяржаўным цэнтрам бяспекі інфармацыі пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Дакумент закліканы вызначыць асновы дзяржаўнай палітыкі ў сферы інфарматызацыі і абароны інфармацыі: парадку і ўмоваў доступу грамадзян да інфармацыі, абмену інфармацыяй, абароны інфармацыі і г .д.
І юрысты БАЖ, і міжнародныя эксперты, якія аналізавалі тэкст гэтага законапраекту, лічаць, што шмат якія палажэнні дакумента супярэчаць прынцыпам свабоды слова.