ЗША заклікаюць ААН асудзіць рэжым Лукашэнкі
4
14:08, — Палітыка
Дэлегацыя ЗША прапанавала дзяржавам-сябрам ААН асудзіць становішча з правамі чалавека ў Беларусі.
На разгляд дэлегатаў Трэцяга камітэта Генасамблеі ААН занесены праект рэзалюцыі, у якім сцвярджаецца, што ў нашай краіне працягваюцца сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, а таксама прыгнёт і пераслед СМІ, апазіцыі і праваабаронцаў.
"Генеральная асамблея ААН выказвае глыбокую занепакоенасць з нагоды выкарыстання ў Беларусі сістэмы крымінальнага правасуддзя для таго, каб прымусіць замоўкнуць палітычную апазіцыю і праваабаронцаў, у тым ліку ў форме адвольнага затрымання, незахавання належных працэсуальных нормаў і закрытых палітычных судовых працэсаў над вядучымі прадстаўнікамі апазіцыі і праваабаронцамі", – гаворыцца ў прадстаўленым праекце.
У ім падкрэсліваецца, што ўлады Беларусі не адрэагавалі на крытыку міжнароднай супольнасці адносна парушэнняў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, і зноў не выканалі сваіх міжнародных абавязальніцтваў у дачыненні правядзення свабодных і справядлівых выбараў у муніцыпальныя органы ў студзені 2007 года.
У праекце рэзалюцыі звяртаецца ўвага на практыку пазбаўлення НДА "магчымасці функцыянаваць, прыгнёту і затрымання беларускіх журналістаў і часовай забароны дзейнасці незалежных СМІ".
У дакуменце змешчаны заклік да ўрада Беларусі "неадкладна і безумоўна вызваліць усіх асоб, затрыманых па палітычна матываваных прычынах, і іншых асоб, затрыманых за ажыццяўленне або прапаганду правоў чалавека, а таксама спыніць судовы пераслед, прыгнёт і запалохванне палітычных апанентаў, актывістаў і праваабаронцаў, якія выступаюць за дэмакратыю, а таксама незалежных СМІ".
Кіраўніцтву Беларусі настойліва прапаноўваецца паважаць права на свабоду слова, сходаў і асацыяцый, а таксама адхіліць ад пасады афіцыйных асоб, якія, як сцвярджаецца, датычныя да любых спраў аб гвалтоўных знікненнях, адвольных пакаранняў смерцю і катаваннях.





