Працоўныя смяюцца з афіцыйнай статыстыкі
11:30, — Эканоміка
Імкненне дзяржавы сацыяльна абараніць пенсіянераў і бюджэтнікаў можна толькі вітаць. Але ўсё пытанне ў тым, наколькі гэтае падвышэнне пенсій і зарплат здольнае кампенсаваць тыя страты, якія насельніцтва нясе з прычыны росту спажывецкіх цэн? Бо тавары і паслугі першай неабходнасці прыкметна падаражэлі.
Падвышэнне з 1 лістапада сярэдніх працоўных пенсій на 9,3% да 345,3 тысячы рублёў, а таксама тарыфнай стаўкі першага разраду на 7,7% да 70 тысяч рублёў, якое дазваляе павялічыць зарплату больш як 800 тысячам працаўнікам бюджэтнай сферы, факт уцешны. На нядаўнім пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях прадстаўнікі ўрада паведамілі, што дадатак да пенсій у гэтым годзе нашы ветэраны атрымалі другім разам, і ў агульнай складанасці ён склаў больш як 50 тысяч рублёў.
Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі ўзровень інфляцыі ў кастрычніку склаў 1,5%, з пачатку года – 7%. Але гэтыя лічбы выклікаюць сумненне. І не толькі ў мяне. Пасля таго, як на пасяджэнні Нацыянальнага савета ўрад даклаў аб ходзе выканання Генеральнага пагаднення з прафсаюзамі, слова ўзяў старшыня прафкома БелАЗа Валеры Трускоўскі і паведаміў, што на справаздачна-выбарных прафсаюзных сходах, якія цяпер праходзяць, працоўныя смехам сустракаюць паведамленні пра 7-працэнтнае падвышэнне спажывецкіх цэн з пачатку года. Іх кашалёк сведчыць пра тое, што тавары і паслугі першай неабходнасці падаражэлі значна больш.
Калі б пра гэта сказаў я, то, пэўна, мяне, як прадстаўніка свабодных прафсаюзаў, назвалі б зласліўцам. Але словы прагучалі з вуснаў працаўніка афіцыйнага прафсаюза. Далей гутарка таксама насіла даволі востры характар. Гэта і зразумела. Выхваляцца ростам тых жа пенсій на 50 тысяч рублёў з пачатку года, абстрагуючыся ад росту цэн і тарыфаў, – падыход заганны. Пра гэта я змушаны быў заявіць прадстаўнікам Савета Міністраў.
345,3 тысячы рублёў у месяц дазволяць пенсіянеру ледзь-ледзь звесці канцы з канцамі. Мяркую, што тыя, хто ходзіць у краму, са мной згодныя. Плюс падвышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў сувязі з пачаткам ацяпляльнага сезону. Плюс адмена шэрагу сацыяльных ільгот і гарантый з 17 снежня. Плюс будучае падвышэнне цэн на стаматалагічныя паслугі… Словам, старым давядзецца несалодка.
Пра адмену ільгот і гарантый варта сказаць асобна. Як вядома, з вуснаў дэпутатаў парламента прагучала лічба, што з прыкладна 180 мільярдаў рублёў, якія зэканоміць дзяржава пасля гэтага «ўразання», толькі 55-60 мільярдаў вернецца грамадзянам у відзе адраснай сацыяльнай дапамогі. На пасяджэнні Нацыянальнага савета першы намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка заявіў, што будзе адрасна пераразмяркоўвацца ўся зэканомленая сума, а не яе траціна і даручыў апублікаваць у СМІ, куды і на якія мэты пойдуць сродкі. Што ж, хутка мы даведаемся, ці стрымае ўлада сваё слова.
Дарэчы, паводле дадзеных урада ў Беларусі ўсяго 32 тысячы грамадзян, якія жывуць у нястачы і якім неабходная адрасная сацыяльная падтрымка дзяржавы. Пра гэта на пасяджэнні Нацыянальнага савета паведаміў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур. Я усумніўся ў рэальнасці гэтай лічбы. На мой погляд, яна мінімум утрая прыніжаная. Але ўрад спасылаецца на нейкую методыку, якой яна карыстаецца.
У тым уся і бяда, што ўлада ідзе ў сваіх дзеяннях ад кабінетнай методыкі, а не ад жыцця. Па вельмі спецыфічнай методыцы разлічваецца і ўзровень інфляцыі. Улічваецца толькі «кошык» з 350 найменняў тавараў і паслуг, цэны і тарыфы на якія жорстка рэгулююцца дзяржавай. А увесь спектр рознічных цэн Міністэрствам статыстыкі і аналізу не ахопліваецца. Таму і смяюцца працоўныя БелАЗа над службоўскай «вывадзілаўкай».
Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, апублікаванае ў газеце «Товарищ»




