Лукашэнка зноў адклаў нараду па льготах
3
12:13, — Палітыка
Анансаваная яшчэ ў кастрычніку нарада ў Аляксандра Лукашэнкі па адмене льгот усё яшчэ не адбылася. Раней, па словах міністра фінансаў Мікалая Корбута, датай яе правядзення называлася 6 лістапада. Пазней казалі пра 12 лістапада.
“Нарада будзе праводзіцца, але дату я вам пакуль не гатовы назваць. Калі афіцыйныя крыніцы абвесцяць, тады і будзе. Таму казаць пра тое, што “затрымка”, не зусім правільна”, – паведаміў кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Павел Лёгкі.
Нагадаем, праект указу аб адраснай сацыяльнай падтрымцы ўжо шосты месяц ляжыць непадпісаным на стале Лукашэнкі. Закон аб адмене льгот быў прыняты «палатай прадстаўнікоў» яшчэ 23 траўня.
У кастрычніку падчас разгляду праекту бюджэту на наступны год дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» зазначылі, што на адрасную сацыяльную дапамогу плануецца выдаткаваць толькі 50–60 млрд. рублёў, хаця ад адмены льгот планавалася атрымаць дадаткова 160 млрд. рублёў.
Варта адзначыць, што апошні тыдзень у рубрыцы «прэзідэнт» афіцыйнага агенцтва БелТА паведамляецца толькі пра віншаванні Лукашэнкі розных дзяржаўных асоб: караля Камбоджы, старшыні расейскага Дзярждумы, губернатара Маскоўскай вобласці, губернатара Ленінградскай вобласці…





