За гандаль рабамі гомельскіх брыгадзіраў могуць прысудзіць да 15 гадоў турмы
1- 13.11.2007, 8:51
У Гомелі разглядаюць першую ў Беларусі справу па гандлі людзьмі супраць тых, хто вазіў працаўнікоў у Маскву. Траіх мужчын, якія набіралі ў вобласці людзей працаваць на фасадах, абвінавачваюць ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групоўцы. Пракурор запытаў для брыгадзіраў па 15 і 12 гадоў турмы.
У карэспандэнта «КП в Беларуси» атрымалася пабываць на пасяджэнні суду. Шмат каго з пацярпелых там не было. Па словах адвакатаў, яны зноў у Маскве на заробках! Зачытвалі іх пісьмовыя сведчанні. Маўляў, вербавалі, абяцаючы па тысячы даляраў у месяц, гарантавалі камфортныя ўмовы пражывання і працы. А давялося здавольвацца матрацамі на бетонным палу, ежай у відзе заціркі. Працаваць трэба было без выходных на 30-градусным марозе.
– На сто чалавек было шэсць рукамыйніц з халоднай вадой і чатыры туалеты. На сняданак часта была толькі гарбата. Працавалі без рэгістрацыі. Міліцыя прыязджала, казала, каб заўтра мы прыбіраліся з Масквы, але брыгадзір пра ўсё дамаўляўся. Выходзіць у горад нам не дазвалялі, – гаворыцца ў сведчаннях. Грошай, як сцвярджаюць пацярпелыя, яны амаль не ўбачылі.
Пракурор запытаў для арганізатара злачыннай групоўкі 15 гадоў пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці. Яго калегам – па 12 гадоў.
Ніводны з іх віну не прызнаў. У апошнім слове брыгадзіры казалі, што спецыялістамі сярод працоўных быў кожны пяты, і яны зарплату атрымлівалі нядрэнную. Астатнія рабіць нічога не ўмелі, ламалі і прапівалі матэрыялы. Хто хацеў, ложкі сабе абсталяваў, каму было лянота, сышоў на пол.
– Але супраць машыны не папрэш, – гаворыць адзін з абвінавачваных. – У Гомелі модна стала з усяго рабіць злачынныя групоўкі, змагацца з нібыта эксплуатацыяй беларусаў за мяжой... А чаму сотні тысяч грамадзян змушаныя з'язджаць у Маскву? Таму што зарплата ў калгасе па 50 тысяч у месяц – бракуе нават на такую зацірку!
Прысуд зноў адклалі. Магчыма, рашэнне будзе абвешчанае напрыканцы гэтага тыдня.