Казка пра беларускі рубель
10
9:57, — Эканоміка
Кіраўнік Нацбанку Пётр Пракаповіч зноў даклаў Аляксандру Лукашэнку пра непахіснасць нацыянальнай валюты. Аднак насамрэч за год беларускі рубель істотна патаннеў не толькі па дачыненні да еўра, але і да шмат якіх іншых валют, у тым ліку малдаўскага лею і кыргызскага сому.
«Лепш за ўсё зберажэнні захоўваць у беларускіх рублях, – агітаваў насельніцтва ўсё той жа Пётр Пракаповіч на нядаўняй прэс-канферэнцыі, – па іх самая вялікая прыбытковасць і гэта цяпер самая ўстойлівая валюта ў Беларусі».
У пацверджанне гэтага тэзіса кіраўнік Нацбанку спаслаўся на тое, што курс беларускага рубля па дачыненні да даляра ЗША застаецца практычна нязменным цягам 3 апошніх гадоў. Гэта праўда. Але не ўся.
Пракаповіч маўчаў пра тое, што за апошнія гады сам даляр ладна абясцэніўся. Таму браць яго за асноўную кропку адліку не вельмі карэктна.
І зусім ужо сумнеўнай выглядае заява, што самай устойлівай валютай у нашай краіне з'яўляюцца беларускія рублі. 13 лістапада 2007 года 1 еўра па курсе Нацбанку каштуе 3.139 беларускіх рублёў. А 13 лістапада 2006 года курс быў зусім іншым: 1 еўра – 2.760 рублёў.
Такім чынам, за год беларускі рубель па дачыненні да еўра абясцэніўся амаль на 14%! Ці наўрад старшыня Нацыянальнага банка не ў курсе гэтай тэндэнцыі. Тым не менш ён працягвае пераконваць усіх у стабільнасці беларускага рубля.
Добра, пакінем у супакою еўра. Паглядзім, як паводзіць сябе рубель па дачыненні да іншых валют.
Нацыянальны банк штодня публікуе курс рубля па дачыненні да шэрагу валют: ад ангельскага фунта стэрлінгаў да кыргызскага сома. Вось, давайце, з сома і пачнём. Добра, што дзяржаўнае тэлебачанне шмат нам распавядала пра рэвалюцыйныя жахі, якія робяцца ў Кыргызстане.
Год таму за 1 сом Нацбанк даваў 54,90 беларускіх рублі. А сёння – ужо 61,61! Такім чынам, рубель патаннеў па дачыненні да кыргызскай грашовай адзінкі на 12,2%.
Малдова перажывае далёка не лепшы час праз расейскую блакаду. Але 13 лістапада 2006 года 1 лей каштаваў 162,81 беларускіх рубля, а сёння – 191,51. Па дачыненні да лея наша валюта за год патаннела на 17,9%!
Не буду стамляць вас далейшым пералікам. З 26 валют, катыроўкі якіх публікуе Нацбанк, беларускі рубель апошнім годам патаннеў па дачыненні да ўсіх 26! Упэўніцеся самі.
Афіцыйныя курсы замежных валют Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь
(злева: на 13.11.2006, справа: на 13.11.2007)
Рэкордным апынулася падзенне беларускага рубля па дачыненні да чэшскай кроны (20,6 і польскага злотага 20). Пра якую стабільнасць нацыянальнай валюты ў такой сітуацыі можна казаць?
Зрэшты, ёсць выхад. Трэба ўключыць у спіс валюты, курсы на якую усталёўвае Нацбанк, зімбабвійскі даляр. Тады, з улікам тамашняй інфляцыі, у Пятра Пракаповіча з'явяцца падставы казаць не толькі пра стабільнасць, але і ўмацаванне беларускага рубля на міжнароднай арэне.

Аляксандр Старыкевіч, «Салідарнасьць»
Напісаць каментар (10)





