Падаткавікам загаданае не «душыць» прыватны бізнэс
14
17:00, — Грамадства
Аляксандр Лукашэнка патрабаваў аптымізаваць і спрасціць падатковую палітыку ў сферы прадпрымальніцтва. Паводле паведамлення афіцыйных крыніц, 13 лістапада падчас нарады па праектах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2008 год, а таксама па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за дзевяць месяцаў 2007 года ён заявіў:
«Мы не павінны душыць ні прыватны, ні дзяржаўны сектар сваімі незразумелымі падлікамі тых падаткаў, якія павінны выплаціць прадпрыемствы. Сёння ўсе – ад шэраговага бізнэсмэна да дырэктара буйнога прадпрыемства – скардзяцца на тое, што яны павінны ўтрымліваць па пяці бухгалтараў, каб разабрацца ў падатковых інструкцыях».
«Яшчэ адна такая скарга – і я буду сур'ёзна разбірацца з падаткавікамі. Сёння бізнэс, нават калі і гатовы плаціць буйныя сумы падаткаў, не можа разабрацца ва ўсіх гэтых патрабаваннях», – заявіў А.Лукашэнка.
Нагадаем, апошнімі месяцамі на рынках і ў гандлёвых цэнтрах пачасціліся адвольныя праверкі падатковымі органамі індывідуальных прадпрымальнікаў, якіх штрафавалі па любых, часам абсалютна нязначных падставах.
Акрамя таго, гэтымі днямі правалам завяршылася дзяржаўная кампанія па прымусовым пераводзе індывідуальных прадпрымальнікаў ва ўнітарныя прадпрыемствы. Дакументы на перарэгістрацыю ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы (ПУП) падалі больш як 9 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Між іншым, у Беларусі налічваецца больш за 200 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Такім чынам, менш як 5% ІП паддалося масіраванай прапагандысцкай кампаніі, якую наладзілі ўлады праз дзяржаўныя СМІ з нагоды пераходу ІП у ПУП.
Нежаданне перарэгістроўвацца ў ПУП прадпрымальнікі тлумачаць як высокімі падаткамі, так і сур'ёзнымі штрафнымі санкцыямі, якія дзейнічаюць для ўнітарных прадпрыемстваў.
Напісаць каментар (14)





