9 чэрвеня 2026, aўторак, 15:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Для выратавання вязняў сумлення усялякія меры апраўданыя»

7
Андрэй Саннікаў: «Для выратавання вязняў сумлення усялякія меры апраўданыя»

«Цярпенне Злучаных Штатаў лопнула, і былі прынятыя такія жорсткія меры. Для таго, каб выратаваць жыцці і здароўе палітвязняў, любыя меры апраўданыя», – заявіў міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў, каментуючы рашэнне ЗША арыштаваць рахункі «Белнафтахіма».

На думку Андрэя Саннікава, Злучаныя Штаты перайшлі ад слоў да справы. «Было некалькі спроб правесці канфідэнцыйныя перамовы з прадстаўнікамі беларускіх улад, і мы ведаем, што такой спробай была сустрэча намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Дэвіда Крэмера з намесніцай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталляй Пяткевіч. Мабыць, была надзея, што нейкія абяцанні беларускія ўлады выканаюць. Я думаю, гэта, найперш, тычылася вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій. Але сітуацыя змяняецца толькі ў горшы бок. Да палітвязняў ужываюцца самыя жорсткія меры – да Андрэя Клімава, Змітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, да тых, хто быў арыштаваны напярэдадні Еўрапейскага Марша, каго фактычна катавалі на Акрэсціна… Цярпенне ЗША лопнула, і былі прынятыя такія жорсткія меры. Я лічу, што для таго, каб выратаваць жыцці і здароўе палітвязняў, любыя меры апраўданыя. Калі мы маем справу з дыктатарскім рэжымам, які не хоча прыслухвацца да ніякіх разумных прапаноў, якія ідуць ад Еўропы і дэмакратычнай апазіцыі, то будуць ужывацца такія меры», – заявіў дыпламат.

Неўзабаве, лічыць Саннікаў, ЗША будуць узгадняць сваё рашэнне з еўрапейскімі партнёрамі, якія займаюць па пытанні палітвязняў і рэпрэсій у Беларусі вельмі жорсткую пазіцыю.

«Мы ведаем, што беларускі экспарт трымаўся апошнім часам за кошт продажу нафтапрадуктаў. І мы ведаем, што асноўныя імпарцёры беларускай нафты знаходзяцца як раз у Еўропе – гэта Нідэрланды, Вялікабрытанія і іншыя дзяржавы. Натуральна, што аплата ўсіх гэтых пагадненняў ідзе праз банкі тых краін, дзе знаходзяцца пакупнікі і даччыныя кампаніі. Таму гэта дастаткова сур'ёзны ўдар па гэтым бізнэсе. І я думаю, што, калі цяпер не будуць зробленыя высновы, то беларускія ўлады пакажуць, што яны абсалютна безнадзейныя», – лічыць міжнародны каардынатар Хартыі’97.

У аўторак, 13 лістапада, адміністрацыя Джорджа Буша замарозіла рахункі беларускага дзяржаўнага канцэрна "Белнафтахім". Прычынай гэтага амерыканскія ўлады назвалі тое, што канцэрн кантралюецца Аляксандрам Лукашэнкам. Уведзеныя міністэрствам фінансаў ЗША санкцыі тычацца ўсіх прадстаўніцтваў "Белнафтахіма" ў Нямеччыне, Украіне, Латвіі, Расеі і Кітаі, а таксама амерыканскага даччынага падраздзялення канцэрна Belneftekhim USA. Як вядома, ЗША патрабуюць спыніць рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць палітвязняў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках