«Независимая газета»: Санкцыі ЗША паставяць крыж на планах Лукашэнкі
1
9:14, — Палітыка
Сяргей Сідорскі пакіне прэм'ерскае крэсла праз год, калі негатыўныя тэндэнцыі, якія склаліся ў беларускай эканоміцы, не атрымаецца пераадолець. Такі ўльтыматум прад'явіў у аўторак кіраўніку ўрада Аляксандр Лукашэнка. Эксперты мяркуюць, што выкананы ён не будзе. Але на гэтым дрэнныя неспадзяванкі ў першага міністра не скончыліся: ЗША заявілі пра замарожванне рахункаў дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім».
Учора ў Менску была перададзеная дрэнная навіна: Мінфін ЗША абвясціў, што заблакуе рахункі канцэрна «Белнафтахім» на сваёй тэрыторыі, а таксама ўвядзе забарону для амерыканскіх прадпрыемстваў на вядзенне спраў з беларускім канцэрнам і яго даччынымі структурамі па ўсім свеце. Гаворка ў першую чаргу ідзе пра дзейнасць прадстаўніцтва канцэрна ў ЗША Belneftekhim USA, адкрытага ў кастрычніку мінулага года, нагадвае “Независимая газета”.
Намеры ЗША не даць рэжыму Лукашэнкі зарабіць на гандлі нафтай могуць паставіць крыж на планах беларускага кіраўніка здабываць гэтую сыравіну ў Венесуэле і прадаваць на сусветным рынку, і ў прыватнасці ў ЗША. Аляксандр Лукашэнка раней казаў пра тое, што мае намер зарабіць грошы на продажы венесуэльскай нафты (першыя партыі плануецца здабыць ужо да канца года), каб «разлічыцца з брацкай Расеяй».
Нагадаем, што крыніцай праблем беларускай эканомікі, з прычыны якіх Лукашэнка гатовы адправіць у адстаўку ўрад, стала Расея. Падвышэнне цэн на газ і пераход на іншыя ўмовы пастаўкі нафты каштавалі беларускай эканоміцы больш як 5 млрд. даляраў. Немадэрнізаваныя прадпрыемствы застаюцца такімі ж энергаёмістымі, як у савецкія часы, і не могуць выпусціць канкурэнтаздольную прадукцыю пры кошце энерганосьбітаў, які ўвесь час расце. Знізіліся прыбыткі і ад нафтаперапрацоўкі. Усё гэта прывяло да фармавання адмоўнага знешнегандлёвага сальда – 1,5 млрд. даляраў. Як раней пісала «НГ», не здольны гарантаваць эканамічную бяспеку і наяўны золатавалютны рэзерв краіны. Нягледзячы на яго рост на 80% сёлета, ён здольны пакрыць толькі 1,4 месяцы імпарту, у той час як сусветная практыка патрабуе 3 месяцы. І гэта па ўнутраных разліках беларускага ўрада. Разлічаны па міжнародных стандартах аб'ём золатавалютных рэзерваў меншы на цэлы мільярд, а гэта значыць, што ён адпавядае памеру імпарту толькі за месяц.
Змяніць сітуацыю ў беларускай эканоміцы без радыкальных рашэнняў немагчыма, даўно гавораць мясцовыя незалежныя эксперты і намякаюць урадавыя службоўцы. Пра гэта, дарэчы, падчас разгромнай нарады ў прэзідэнта ў аўторак казаў кіраўнік Нацыянальнага банка краіны Пётр Пракаповіч. Яшчэ год таму занесеныя ім прапановы аб неабходнасці перагледзець усю заканадаўчую базу краіны, з тым каб стварыць спрыяльныя ўмовы для нацыянальнага бізнэсу і замежнага інвестара, былі б прызнаныя страшнай крамолай. Сёння, аднак, ёсць верагоднасць, хоць і невялікая, што Лукашэнка ўсё-ткі пачне рэформы. Справа ў тым, што Пракаповіч – «асоба набліжаная да імператара» і весці такія прамовы без найвялікшага на тое дазвалення ён не стане.
У той самы час і Лукашэнка ніколі не прызнаецца ў сваіх памылках. Ён не павініцца ў тым, што абраў няправільную стратэгію развіцця і яго эканамічны цуд трымаўся толькі на танных расейскіх энерганосьбітах. Перш чым пачаць ліберальныя рэформы, ён абвінаваціць ва ўсіх грахах урад і адправіць яго ў адстаўку. Цалкам магчыма, што новы эканамічны штаб краіны, якому будзе дазволеная і прыватызацыя, і лібералізацыя, узначаліць цяперашні аўтар рэфарматарскіх ідэй Пётр Пракаповіч.





