Зміцер Дашкевіч: «Людзей, якія мяне падтрымліваюць, саджаюць у ізалятар»
12:29, — Палітыка
У рэдакцыю “Народнай волі” прыйшоў лiст ад лідара “Маладога фронту” палітвязня Змiцера Дашкевіча. Газета даўно жадала падрыхтаваць інтэрвію са Змітром Дашкевічам. Яму нават перадалі пытанні ў калонію. Але на адказ, тым болей такі грунтоўны, ня надта спадзяваліся. Аднак нейкiм цудам задуманае здзейснiлася, хоць Зміцер адразу папярэдзiў, што “калi недзе аб нечым не дагавару, дык выбачайце — гэта не наўмысна”.
Па-першае, журналісты цiкавiлiся новай крымiнальнай справай.
“Увесь час, калi судзiлi маiх паплечнiкаў-маладафронтаўцаў, да мяне прыходзiлi следчыя браць паказаннi пра тых, каго я ведаю i хто чым займаўся, — тлумачыць Зміцер. — Я, натуральна, паказаннi даваць адмаўляўся, матывуючы гэта тым, што яны могуць пашкодзiць мне альбо маiм блiзкiм. Канстытуцыя i Крымiнальны кодэкс дазваляюць у гэтым выпадку паказаннi не даваць. Таму ўвесь час я i мае сябры адмяжоўвалiся ад надакучлiвых пытанняў чэкiстаў i следчых. Гэту фармулёўку я пiсаў у пратаколах допытаў, калi ў мяне спрабавалi ўзяць паказаннi на Гарэцкага, Корбана, Янушэўскага, Хведарука, Палажанку, Азарку i, канешне, па “крымiналцы” Iвана Шылы.
I вось тут нейкая сiла прымусiла следчых падумаць аб мэтазгоднасцi ўзбудзiць крымiнальную справу на мяне за беспадстаўную адмову ад дачы паказанняў па 402 артыкуле Крымiнальнага кодэкса. Напачатку я ўспрыняў гэта як простую пагрозу, але сiлавыя структуры вырашылi пайсцi далей i ўсё ж такi ўручылi мне пастанову аб узбуджэннi справы. У пратаколах допыту па гэтай справе я зазначыў, што, па-першае, прызнаю арт.193-1 КК РБ антыканстытуцыйным (той самы артыкул аб крымiнальнай адказнасцi за дзейнасць ад iмя незарэгiстраванай арганiзацыi, якi лiчаць антыканстытуцыйным многiя беларускiя i мiжнародныя эксперты i дабiваюцца яго адмены. — Рэд.). Я сказаў следчым, што мае паказаннi па гэтым артыкуле супярэчылi б асноўнаму закону Беларусi, а таксама ратыфiкаванай нашай краiнай дэкларацыi ААН “Аб грамадзянскiх i палiтычных правах”. Аднак нiякiя тлумачэннi не былi ўзятыя пад увагу. I вось маем суд”.
На пытанне, як мінае жыццё ў калонii, якiя людзi вакол палітвязень адказаў наступнае:
“Жыццё тут асаблiвай разнастайнасцю не адрознiваецца: пад'ём у 6, адбой у 22, праца з 8 да 17, выхадны — нядзеля. Таму асноўная праблема, якая з гэтага раскладу вынiкае, адсутнасць вольнага часу, бо пасля вячэры i вечаровай паверкi, якая завяршаецца ў 18.00—18.30, маем толькi каля трох гадзiн асабiстага часу, за якiя хочацца i пачытаць нешта, i з поштай разабрацца.
Людзi вакол трапляюцца розныя. Неяк я напiсаў сябрам аб асуджаных, многiя з якiх мяне падтрымлiваюць, дык тых, хто акружаў мяне, пачалi саджаць у iзалятары, пагражаць i г.д., бо iнфармацыя гэтая з'явiлася ў СМI. Таму на тэмы майго турэмнага жыцця я iмкнуся асаблiва не разважаць, каб нiкому не стварыць праблем”.
Наконт амністыі, якая хутка мае адбыцца, Дашкевіч сказаў:
“Аб амністыі гавораць тут увесь час. Хоць сцвярджэнне Клiмава, што ўсе моляцца з-за яе на аднаго таварыша, далёка не адпавядае iсцiне. Пакуль не сустрэў нiводнага гэткага “малельца”. Я ж пад амнiстыю не трапляю, бо з'яўляюся “злосным парушальнiкам рэжыму ўтрымання”, а такая катэгорыя асуджаных пад амнiстыю нiколi не трапляе.
Што тычыцца вялiкай колькасцi новых моладзевых iнiцыятыў, дык цяжка разабрацца ў iх нават мне, чалавеку, якi iмкнецца сачыць за грамадска-палiтычнымi працэсамi. Што ўжо гаварыць пра рэалiзацыю iдэй i ўплыў на грамадства праз гэткiя структуры... Безумоўна, назваць iх усiх агентамi КДБ, як некаторыя спрабуюць, нельга. Але дзейнасць такiх арганiзацый, канешне, цалкам укладаецца ў чэкiсцкiя схемы.
Па вызваленнi, як тое i абяцаў у судзе, планую займацца ўсё тым жа — “Маладым фронтам”, гуртаваннем моладзi вакол хрысцiянскiх каштоўнасцяў i заснаваннем на гэтай базе нацыянальнай iдэi. Бо маем цвёрдае перакананне, што толькi спалучэнне гэтых прынцыпаў дазволiць Беларусi адрадзiцца, стаць сапраўды дэмакратычнай i паспяховай нацыяй”.
Нагадаем, лідэр “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч 1 лістапада 2006 году быў засуджаны да 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па палітычным артыкуле 193 КК за “дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Адбываць пакаранне быў накіраваны ў Шклоўскую калонію ўзмоцненага рэжыму. Ужо ў калоніі супраць палітвязня былі высунутыя абвінавачанні паводле арт.402 КК з-за таго, што ён адмовіўся сведчыць супраць сваіх сяброў. Паводле гэтага артыкула Дашкевiч мог атрымаць яшчэ паўгады турмы. Судовы працэс быў надзiва хуткiм і адбываўся за зачыненымі дзвярыма. Суддзя Кашкiна прызнала моладзевага лідэра вiнаватым у парушэннi артыкула 402 КК, пакараўшы яго 60 базавымi велiчынямi штрафу (1 мiльён 860 тысяч рублёў). На працэс пусцiлi толькi прадстаўнiка мiсii АБСЕ, якi перад гэтым накiраваў лiст з просьбай прысутнасцi на судзе мiнiстру ўнутраных спраў Уладзiмiру Навумаву.




