Праявіце лепш гуманізм да палітвязняў
2
10:46, — Палітыка
Законапраект "Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія здзейснілі злачынства" ўхваліў у пятніцу «савет рэспублікі». Прадстаўляючы дакумент, старшыня камісіі па заканадаўстве і дзяржаўнаму будаўніцтву Наталля Андрэйчык заявіла, што "палажэнні закона накіраваныя на выказванне гуманізму да асоб, якія зрабілі грамадска небяспечныя дзеянні".
Аднак беларускія ўлады не пажадалі праявіць гуманізм па дачыненні да палітвязняў, вызвалення якіх патрабуе ўвесь свет.
Нагадаем, законапраект аб амністыі быў ухвалены «ніжняй палатай» 24 кастрычніка. Паводле дакумента, да новага года на свабоду выйдуць больш як дзве з паловай тысячы чалавек – 1 тысяча 700 чалавек, якія адбываюць пакаранне ва ўстановах закрытага тыпу і 850 чалавек, што адбываюць пакаранне ва ўстановах адкрытага тыпу.
Пакуль дакладна невядома, ці будуць сярод іх палітвязні Аляксандр Казулін, Андрэй Клімаў, Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Мікола Аўтуховіч і Юры Лявонаў.
Між іншым, вызваленне палітвязняў – галоўная ўмова Еўразвяза для нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. Нядаўнія санкцыі ЗША супраць канцэрна «Белнафтахім» таксама былі ўведзеныя ў першую чаргу праз рэпрэсіі супраць апазіцыі, фальсіфікацыю вынікаў выбараў і татальнае парушэнне правоў чалавека.




