У Менск прыязджае дэлегацыя Еўракамісіі
- 19.11.2007, 9:46
19 лістапада пачынаецца візіт у Менск рэгулярнай місіі Еўрапейскай камісіі па нацыянальнай праграме дзеяння на 2008 год на чале з дарадцам па сувязях з Беларуссю прадстаўніцтва ЕК ва Украіне і Беларусі Жанам-Эрыкам Хольцапфелем.
Як паведаміў БелаПАН кіраўнік офіса ТАСІС у Менску Яніс Айзсалніекс, "прыедуць спецыялісты па праграмаванні праектаў супрацоўніцтва з Брусэля і Кіева". Паводле яго слоў, падчас трохдзённага візіту дэлегацыя Еўракамісіі плануе сустрэцца з прадстаўнікамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства эканомікі, Міністэрствы замежных спраў, а таксама няўрадавых арганізацый.
"Мы будзем абмяркоўваць магчымасці рэалізацыі праектаў па ахове навакольнага асяроддзя ў рамках нацыянальнай праграмы дзеяння на 2008 год", – сказаў Я.Айзсалніекс. Ён таксама адзначыў, што на рэалізацыю дадзеных праектаў выдзеленыя 5 млн. еўра.