У Італіі знялі фільм пра беларускую сірату: «У імя Марыі нельга забываць іншых»
1- 2.11.2007, 8:32
Італьянскі тэлеканал Sky Vivo абвясціў пра хуткую прэм'еру серыяла, які зняты па матывах гісторыі, што здарылася з беларускай сіратой Вікай Мароз. У аснову 6-серыйнага серыяла "У імя Марыі" (у Італіі Віку Мароз працягваюць называць Марыяй) пакладзеная гісторыя стасункаў паміж Вікай Мароз і сям’ёй Джуста-Барначын.
Нягледзячы на беларускае паходжанне Вікі Мароз, серыял здымаўся не ў Беларусі, а ва Украіне. Рэжысёр серыяла растлумачыў сваё рашэнне здымаць серыял ва Украіне наступным чынам: “Хацелася б здымаць у Беларусі. Аднак Украіна больш адкрытая для нас краіна. Сюды грамадзянам Еўразвяза можна патрапіць без візы".
Фабула фільма наступная. У краіну прыязджае святар з Італіі, каб высветліць, што здарылася з дзяўчынкай пасля яе прымусовага вяртання з Італіі на Радзіму.
Святару не атрымоўваецца знайсці Марыю, аднак герой фільма быў уражаны лёсам чарнобыльскіх дзяцей, якіх накіроўвалі на аздараўленне ў Італію. Святар робіць выснову: "У імя Марыі нельга забываць пра іншых".
Міланская актрыса: сям'я Джуста-Барначын стварыла складанасці для аздараўлення чарнобыльскіх дзяцей у Італіі
У інтэрв'ю журналістам выканаўца адной з галоўных роляў фільма міланская тэлезорка Наташа Стэфаненка (у фільме яна іграе прадстаўніка ўкраінскага ўрада) заявіла, што гісторыя Вікі Мароз вельмі ўразіла, паведамляе «Тэлеграф» са спасылкай на «Радыё Свабода».
“У свой час мяне, як і шматлікіх іншых італьянцаў, вельмі ўразіла гэтая гісторыя, таму я з вялікай павагай паставілася да працы над фільмам”, – падкрэсліла актрыса.