Лукашэнка будзе будаваць каткі ў кожным райцэнтры
2- 20.11.2007, 8:33
Лукашэнка больш не будзе будаваць лёдавыя палацы. Цяпер ён зоймецца будаўніцтвам лёдавых пляцовак, але затое будзе будаваць іх у кожным райцэнтры.
Прымаючы 19 лістапада з дакладам міністра будаўніцтва Беларусі А.Селязнёва, Лукашэнка заявіў, што будаўніцтва менавіта такіх невялікіх аб'ектаў, коштам не больш як $4-5 млн., прызнанае эканамічна больш апраўданым, чым палацы, і даручыў міністру абсталяваць будучыя пляцоўкі ўсім неабходным для навучання і правядзення трэніровак па фігурным катанні і хакею.
Пад гэтую тэму Селязнёў таксама паведаміў, што ў Беларусі па-ранейшаму адчуваецца недахоп будаўнічых матэрыялаў і канструкцый, растлумачыўшы дэфіцыт інтэнсіўным будаўніцтвам. Ён паінфармаваў Лукашэнку пра тое, што ў Бярозе, Маладзечна, Менску, Краснасельскім плануецца запусціць як мінімум па адной новай цагельні і па адным прадпрыемстве па вытворчасці газасілікатных блокаў, паведамляе АФН.