9 чэрвеня 2026, aўторак, 10:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Устаноўчы сход прыраўнялі да мітынга

Заснавальнікі праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Рух “За Свабоду” падалі скаргу ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь.

Міністэрства юстыцыі напрыканцы кастрычніка адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі ПАГА “Рух “За Свабоду”. Яно палічыла, што Устаноўчая Канферэнцыя, якая адбылася 11 жніўня 2007 года, была праведзена незаконна. Адметна, што адмова грунтуецца не на Законе Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, а на артыкулах Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

Іншымі словамі, арганізатары масавага мерапрыемства мусілі былі падаць заяву на яго дазвол ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, на тэрыторыі якога планавалася гэтае мерапрыемства. Але ў Законе “Аб грамадскіх аб’яднаннях” не прадугледжана атрыманне дазволу на правядзенне ўстаноўчага сходу. Паводле заканадаўства, заснавальнікі грамадскага аб’яднання мусяць склікаць устаноўчы сход, на якім прыняць рашэнне аб стварэнні грамадскага аб’яднання, зацвердзіць яго назву і статут, абраць кіруючыя органы. Што і было зроблена.

Заканадаўствам не прадугледжана ніякіх іншых патрабаванняў да парадку правядзення ўстаноўчых мерапрыемстваў для стварэння грамадскіх аб’яднанняў. Заснавальнікі ПАГА «Рух «За Свабоду» лічаць, што рашэнне Міністэрства юстыцыі падлягае адмене, бо беспадстаўная адмова ў рэгістрацыі грамадскай арганізацыі груба парушае Канстытуцыю і адпаведныя міжнародныя абавязальніцтвы Рэспублікі Беларусі.

Акрамя таго, яшчэ адным парушэннем заканадаўства з боку Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з'явілася парушэнне тэрмінаў рэгістрацыі грамадскага аб'яднання. Рашэнне пра адмову ў рэгістрацыі ПАГА «Рух «За Свабоду» было прынятае 22 кастрычніка 2007 года, хаця адведзены Міністэрству юстыцыі месячны тэрмін для разгляду заявы мінуў 11 кастрычніка 2007 года.

Заснавальнікі арганізацыі просяць Вярхоўны Суд прызнаць рашэнне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адмове ў рэгістрацыі ПАГА «Рух «За Свабоду» неправамерным і парушаючым правы грамадзянаў, а таксама абавязаць Міністэрства юстыцыі правесці дзяржаўную рэгістрацыю грамадскай арганізацыі ў адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях”.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках