9 чэрвеня 2026, aўторак, 22:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкі і беларускі амбасадары далі прэс-канфэрэнцыю разам

1

Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Гебхарт Вайс узяў удзел у прэс-канфэрэнцыі з нагоды адкрыцьця X Менскага форуму “Беларусь — эўрапейская нацыя ў працэсе пераменаў: ідэнтычнасьць і супрацоўніцтва ў сфэрах палітыкі, эканомікі, грамадзтва”. Упершыню ў такой прэс-канфэрэнцыі браў ўдзел амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Ўладзімер Скварцоў.

Форум пачынаецца 22 лістапада ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры. Перад прэс-канфэрэнцыяй пасол Нямеччыны Гебхарт Вайс адказаў на пытаньні “Радыё Свабода”.

Адказваючы на гэтае пытаньне, ці падтрымае Нямеччына санкцыі ЗША, якія ўвялі адносна беларускага канцэрну “Белнафтахім”, амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Гебхарт Вайс сказаў:

“Пакуль не было афіцыйнай рэакцыі Бэрліна наконт гэтых санкцыяў. Мы, канечне, прааналізуем сытуацыю. Мы да пэўнай ступені падзяляем матывы Вашынгтону, якія далі штуршок гэтым санкцыям.

Калі санкцыі ў гэтай канкрэтнай фазе разьвіцьця зьяўляюцца дзейсным інструмэнтам, гэта трэба паглядзець. Нямецкая палітыка, канечне, зьвязаная і з пытаньнем прадуктыўнага дыялёгу зь Беларусьсю”.

Спадар Вайс падкрэсьліў, што цяпер нельга забывацца, што магчымы больш прадуктыўны дыялёг паміж заходнімі партнэрамі й Беларусьсю.

На пытаньне, ці ёсьць нейкія перамены ў палітыцы нямецкага боку адносна Беларусі, амбасадар распавёў:

“Тактыка і стратэгія Эўразьвязу і Нямеччыны ясная. Мы, канечне, падзяляем разам пэўныя мэты, якія зьвязаныя з будучыняй Беларусі як сябра шырокага эўрапейскага дэмакратычнага грамадзтва.

Але што тычыцца сродкаў для дасягненьня такой мэты (гэта маё меркаваньне), трэба перайсьці да больш збалянсаванай мэтодыкі. Карыстацца і формамі дыялёгу, і супрацоўніцтва”.

Ці застаюцца актуальнымі для Нямеччыны дванаццаць прапановаў Эўразьвязу Беларусі, у тым ліку і патрабаваньне вызваліць беларускіх палітвязьняў?

“Было б вельмі разумна, калі б і з боку беларускай улады больш канкрэтна пачулі і адказалі на такое патрабаваньне. Маё меркаваньне: насамрэч не зьяўляецца выяўленьнем рацыянальнасьці ў палітыцы, калі з-за гэтага існуюць пэўныя блякады для нармалізацыі стасункаў”.

У прэс-канфэрэнцыі, прысвечанай Менскаму форуму, апымалі ўдзел прадстаўнік бэрлінскага фонду “Навука і палітыка”, старшыня Менскага форуму доктар Райнэр Лінднэр, пасол Нямеччыны ў Беларусі Гебхарт Вайс, амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Ўладзімер Скварцоў. Амбасадар Беларусі ў такой прэс-канфэрэнцыі браў удзел упершыню.

Пытаньні спыненьня рэпрэсій супраць апазыцыі і вызваленьня палітвязьняў на прэс-канфэрэнцыі не абмяркоўваліся.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках