Цынічны падыход да дэмакратыі
- 21.11.2007, 8:53
Брытанская газета "Guardian" у артыкуле свайго аглядальніка Саймана Цісдала звяртаецца да прыроды так званай кіраванай дэмакратыі.
Падставай для гэтай публікацыі стала знаходжанне ў Брытаніі вядомага дзеяча расейскай апазіцыі былога прэм'ер-міністра Міхаіла Касьянава. Выступаючы ў Лондане перад сябрамі фонду "Расея", Касьянаў казаў пра тое, што кіраваная дэмакратыя па Пуціну азначае ўзмацненне дзяржаўнага кантролю на ўсіх узроўнях – ад сродкаў масавай інфармацыі да выбарчых органаў і няўрадавых арганізацый.
"Умяшанне ў справы палітычных партый, грамадзянскай супольнасці, няўрадавых арганізацый, адмена выбарнасці губернатараў і змены ў працэдуру выбараў у Думу належаць да тых мер, якія зацвярджаюць у Расеі гэты цынічны падыход да дэмакратыі", – заявіў, у прыватнасці, Касьянаў.
Як піша аўтар артыкула, пуцінізм з'яўляецца палітычнай філасофіяй, якая прызначаная і на экспарт. Былыя савецкія рэспублікі – Беларусь, Азербайджан, новыя дзяржавы ў цэнтральнай Азіі прытрымліваюцца прыкладу, які падаецца Расеяй.
Пуцінізм выклікае палітычныя сімпатыі ў шматлікіх краінах Азіі і Афрыкі. Ён кідае выклік дактрыне прэзідэнта ЗША Буша, паводле якой XXI стагоддзе павінна стаць стагоддзем ліберальнай дэмакратыі і "заходніх каштоўнасцяў".