ААН асуджае парушэнні правоў чалавека ў Беларусі
7
18:27, — Палітыка
21 лістапада Трэці камітэт ААН (сацыяльныя, гуманітарныя і культурныя пытанні, а таксама пытанні правоў чалавека) прыняў рэзалюцыю аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі. Як паведамляе цэнтр навін ААН, дакумент быў занесены на разгляд ЗША ў сааўтарстве з Аўстраліяй, Еўразвязам, Ізраілем, Канадай, Швейцарыяй і Японіяй.
У рэзалюцыі выказаная "сур'ёзная заклапочанасць" у сувязі з "сістэматычнымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі і далейшай эрозіяй дэмакратычнага працэсу".
У дакуменце падкрэсліваецца, што ў краіне працягваецца "выкарыстанне сістэмы крымінальнага правасуддзя для таго, каб прымусіць замоўкнуць палітычную апазіцыю і праваабаронцаў", а ўрад Беларусі "не ў поўнай меры супрацоўнічае з усімі механізмамі Рады па правах чалавека". Акрамя таго, адзначаецца ў рэзалюцыі, у краіне працягваюцца "прыгнёт і затрыманні беларускіх журналістаў".
У прынятым дакуменце змешчаны настойлівы заклік да ўрада Беларусі "неадкладна і безумоўна вызваліць усіх, затрыманых па палітычна матываваных прычынах", а таксама спыніць "прыгнёт і запалохванне" палітычных апанентаў, грамадскіх актывістаў, праваабаронцаў і незалежных СМІ. Рэзалюцыя заклікае прывесці выбарчы працэс і заканадаўчую базу Беларусі ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.
Апроч гэтага, у дакуменце змешчаны заклік "адхіліць ад пасады афіцыйных асоб, якія датычныя да любых спраў аб гвалтоўных знікненнях, адвольных пакараннях смерцю і катаваннях, на перыяд следства па такіх справах і забяспечыць прыняцце ўсіх неабходных мераў для ўсебаковага і бесстаронняга расследавання", а таксама "прыцягнуць асоб, якім інкрымінуюцца гэтыя злачынствы, да адказнасці ў незалежным судзе".
"Генеральная асамблея настойвае на тым, каб урад Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаў з Радай па правах чалавека і яго механізмамі, а таксама з усімі механізмамі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе", – падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.
За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 68 дзяржаў, 32 – выступілі супраць, 76 – устрымаліся.





