9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады – за «чорны перадзел»?

2

У Пінску па паштовых скрынях распаўсюджваецца самвыдатаўская газэта “Пинский листокъ.” На старонках лістка зьмяшчаюцца фота мясцовых грамадзкіх актывістаў, студэнтаў з абразамі ў іх адрас. Загаловак абвяшчае : “Яны супраць цябе.”

Як пазначана, “Пинскій листокъ” зьяўляецца органам гарадзкога саюзу «Чорны перадзел». Мэты і задачы арганізацыі таксама названыя, гэта “аб’яднаньне славянскага сьвету, пабудова незалежнай славянскай дзяржавы ад уплыву Захаду, ідэалягічны тэрор супраць арганізацыяў, саюзаў, партыяў, якія супраць стварэньня моцнай, незалежнай славянскай дзяржавы”. На другой старонцы лістка артыкул, які называецца “Яны супраць цябе” і фатаграфіі васьмярых грамадзянаў Пінску, паведамляе “Радыё Свабода”.

На здымках старшыня мясцовай філіі БНФ Аляксандар Рамановіч, некалькі маладых людзей, якія зараз вучацца за мяжой, лідэр прадпрымальнікаў Аляксандар Васільеў, краязнаўца Эдвард Злобін. Яны названыя “дзеячамі, якія вядуць ўсялякую прапагандысцкую работу па падрыве пасьпяховага разьвіцьця славянскай краіны”. У тэксьце – абразы і зьнявагі людзей, якія паўтараць ня варта. Дарэчы, у газэце пазначаны і рэдактар – Глеб Леантовіч.

Людзі, якіх абразілі праз артыкул, маюць намер зьвярнуцца ў пракуратуру з пазовам аб абароне гонару і годнасьці.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец пасьля азнаямленьня з выданьнем мяркуе, што ў праваахоўных органаў ёсьць усе падставы, каб забараніць “Листок”, а выдаўцоў працягнуць да крымінальнай адказнасьці.

“Па-першае, тут ідзе гаворка аб дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Па-другое, аб нерэгістрацыі сродка масавай інфармацыі накладам 3 тысячы асобнікаў. Больш за тое, некарэктныя, правапарушальныя выпады супраць вялікай колькасьці пінскіх грамадзянаў. Таму, і пракуратура, і міліцыя павінны прыняць захады супраць распаўсюду гэтага “Листка” і па выяўленьні асобаў, якія яго выдаюць”, -- мяркуе юрыст.

Тым часам, выканаўца абавязкаў пракурора горада Алег Лаўрухін кажа, што газэты “Пинский листокъ” ён ня бачыў. Але, калі будуць скаргі грамадзянаў, пракуратура адрэагуе. “Мы на любыя скаргі, нават калі гэта лаянка сабакі, абавязаныя рэагаваць. Ну а калі ў друкаваным выданьні непраўдзівыя зьвесткі, што абражаюць грамадзянаў – мы абавязаныя рэагаваць”, сцьвярджает чыноўнік.

Варта заўважыць, што газэту распаўсюджваюць у Пінску ўжо тыдзень. Аднак кампэтэнтныя органы -- пракуратура, міліцыя, КДБ пра яе “нічога ня чулі і ня бачылі”. У той жа час зарэгістраваныя выданьні (да прыкладу, газэты “Народная Воля”, “Товарищ”, мясцовыя газэты, што выходзяць накладам 299 экзэмпляраў (крычаўскі “Вольны горад”, да прыкладу) рэгулярна затрымліваюць.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках