banner1 banner1 banner1

22.11.2007

Лявон Вольскі: «Ніхто з музыкаў на гандаль ня пойдзе» важная навіна 40

18:27, — Палітыка

Лявон Вольскі: «Ніхто з музыкаў на гандаль ня пойдзе»

«Калі меркаваць па некаторых каментарах у Інтэрнэце, то можна падумаць, што здарылася нейкая трагедыя! – камэнтуе лідэр NRM учорашні візыт да намесьніка старшыні адміністрацыі прэзідэнта па ідэалогіі Алега Праляскоўскага.

-- Насамрэч, нічога незвычайнага не адбылося. І такая бурхлівая рэакцыя проста паказвае, што ў нас наогул нічога не адбываецца, што ў нас не хапае падзей. Ну, што за падзея: некалькі музыкаў схадзілі да чыноўніка, хай сабе і досыць высокага рангу. Мне так было проста цікава схадзіць у Адміністрацыю прэзыдэнта. Я там ніколі ня быў і, можа, ніколі, больш не пабываю. Цікава было паглядзець, што там і як. Думаў, пасяджу, памаўчу. Памаўчаць не удалося».

«Наша Ніва»: Гэта была нечаканая сустрэча, ці яна рыхтавалася?

Лявон Вольскі: Размовы пра сустрэчу вяліся даўно, яна адкладалася, пераносілася. Нарэшце нам патэлефанавалі, у вельмі карэктнай форме прапанавалі прыйсьці ў пэўны час. Так што сустрэча адбылася па ініцыятыве музыкаў.

«НН»: Пра што ішла гаворка?

ЛВ: Музыкі наперабой выказвалі свае крыўды, якія накапіліся. Сп. Праляскоўскі нас уважліва выслухаў. Па сваім досьведзе кантактаў з чыноўнікамі ведаю, што сярод іх ёсьць абсалютна неадэкватныя, непрабівальныя для лёгікі людзі. Гэты чалавек не такі, ён адэкватны, можа, гэта і дрэнна.

«НН: Вы маеце на ўвазе, што лепш бы ён ня быў такім разумным?

ЛВ: Гэтага я не камэнтую.

«НН»: Вам нешта прапаноўвалі?

ЛВ: Быў дыялёг, з боку музыкаў досыць эмацыйны. Хаменка трымаў вялікую прамову, мусіць, загадзя падрыхтаваную. Ён жа найбольш пацярпеў, працаваў у дзяржаўнай установе і страціў працу. Ніхто нічога нікому не абяцаў, ні з аднаго боку, ні з другога. Была парада, якую мы выслухалі. Не было ніякага гандлю. Гандаль — гэта непрымальна для творцы, і ніхто з тых музыкаў, што прымалі ўдзел у сустрэчы, на гандаль ня пойдзе.

Самае галоўнае, прагучала, што забароны на канцэрты — гэта дзіка, і такога не павінна быць і ня будзе. Калі сапраўды так, то магчымасьць вольна даваць канцэрты на працягу году, двух — для нас сапраўдны прарыў. А тое, што нас не пускалі на тэле- і радыёканалы — гэта, калі шчыра, ня вельмі мяне і абыходзіла. Гэта справа саміх каналаў. Мяне, скажам, узровень беларускага тэлебачаньня не задавальняе, і тут трэба яшчэ добра падумаць, ці варта пагаджацца, каб твая песьня гучала побач зь нейкай адыёзнай перадачай. Гэта можа дрэнна адбіцца на рэпутацыі.

«НН»: Але гэта дало б магчымасьць дайсьці да большай колькасьці слухачоў, а высновы наконт якасьці той ці іншай перадачы яны і так робяць. Дык па выніках размовы можна сказаць, што хутка вашыя галасы будуць гучаць па радыё і тэлебачаньні?

ЛВ: Гаварыць пра гэта рана.

«НН»: Ці заходзіла гаворка пра ваш удзел у перадачах «Белсату»?

ЛВ: Не, ні словам, хаця, шчыра кажучы, я чакаў гэтага. Але ў гэтым выпадку размова стала б вельмі цяжкай, і для мяне прыкмета адэкватнасьці якраз у тым, што гэтай тэмы не закраналі. Ня ведаю, як яны будуць рэагаваць на наш удзел у «Белсаце», думаю, што ніяк.

«НН»: У вас склалася ўражаньне, што нешта мяняецца ў стаўленьні дзяржавы да альтэрнатыўнай музыкі?

ЛВ: Магчыма, паглядзім.

«НН»: Вам падалося, што гэта вынік нейкай зьмены ў агульнай сытуацыі?

ЛВ: Мне цяжка меркаваць, я не экспэрт.

«НН»: Значыць, вы будзеце працягваць сьпяваць свае непадцэнзурныя песьні, рабіць тое, што рабілі?

ЛВ: Слухайце, я ужо сталы, складзены чалавек, які займаецца сваёй справай ня першы год і нават ня першае дзесяцігодзьдзе. Сьмешна было б, калі б я раптам адмяніўся і перакінуўся на нешта іншае. Зь цягам часу чалавек мяняецца, але не з-за таго, што ідзе на прыём да Праляскоўскага.

«НН»: Не крыўдуйце! Проста агучваю пытаньне, якое задаюць вашыя слухачы, якія вас вельмі любяць... Ну, а як яно там, усярэдзіне Адміністрацыі прэзыдэнта?

ЛВ: Падобна, як заходзіш у амбасаду. Металашукач на ўваходзе... А ўсярэдзіне — бы ў нейкім выканкаме. Дывановыя дарожкі, кветкі ў вазонах.

«НН»: Учора і сёньня у вас канцэрты. Дзе? Што ў бліжэйшых плянах?

ЛВ: Учора гэта была штогадовая традыцыйная вечарына бровара «Сябар», сёньня — выступ у клюбе «Графіці». Вялікіх канцэртаў на Радзіме бліжчым часам не плянуецца. А 10 сьнежня N.R.M. выступіць у Варшаве.

Напісаць каментар (40)

ElectroName.com - новости белорусского интернета

пн аў ср чц пт сб нд
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31

Старая версія сайта

Байкот-2008

Ці варта браць удзел у выбарчым фарсе?

Уладзімір Халіп

Спецыяльна для Хартыі'97: Краіна пад канвоем

Андрэй Кім, палітвязень

Затрыманы на акцыі прадпрымальнікаў

Аляксандр Казулін, палітвязень

Кінуты за краты за акцыі пратэсту

Палітвязень Сяргей Парсюкевіч

Лідэр прадпрымальнікаў арыштаваны пасля акцыі пратэста

Іншыя падборкі

Подписка на рассылку


Введите ваш e-mail: