9 чэрвеня 2026, aўторак, 21:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Нямеччыны настойвае на правядзенні ў Беларусі сумленных выбараў

Станоўчыя сігналы з Менска павінны стаць больш выразнымі, заявіў намеснік міністра замежных спраў ФРГ Гернат Эрлер на адкрыцці Х Менскага форума ўвечары 22 лістапада.

Ён адзначыў, што Беларусь – частка Еўропы і Еўразвяз не зацікаўлены ў ізаляцыі рэспублікі. Намеснік міністра выказаў шкадаванне з нагоды таго, што Беларусь "пакуль фармальна не ўключаная ў палітыку добрасуседства ЕЗ". І адзначыў разрыў "паміж магчымасцямі Беларусі і рэальным становішчам спраў у пытаннях узаемадзеянняў з ЕЗ". Паводле яго слоў, прычына гэтага вядомая: "На жаль, сітуацыя ў Беларусі далёкая ад агульнапрызнаных каштоўнасцяў і стандартаў АБСЕ – дэмакратыі, вяршэнства закона, павагі правоў чалавека". Г.Эрлер падкрэсліў, што Еўразвяз унёс свае прапановы і гатовы выступіць партнёрам у працэсе мадэрнізацыі Беларусі, паведамляе БелаПАН.

Намеснік міністра падкрэсліў ролю рэспублікі ў гарантаванні агульнаеўрапейскай бяспекі. Акрамя таго, паводле яго слоў, не вычарпаны патэнцыял эканамічных стасункаў.

"Станоўчымі сігналамі" з Менска намеснік міністра лічыць рашэнне ўлад дазволіць апазіцыі правесці Еўрапейскі і Сацыяльны маршы, а таксама згоду на адкрыццё ў Беларусі прадстаўніцтва Еўракамісіі. Сярод негатыўных "сігналаў" ён назваў ціск на прадстаўнікоў апазіцыі і іх затрыманні напярэдадні вышэйназваных акцый.

Г.Эрлер таксама падкрэсліў, што для адэкватных адказаў на выклікі глабалізацыі і для фармавання новай палітыкі ў сферы энергабяспекі патрэбныя не толькі новыя падыходы, але таксама крэатыўная грамадзянская супольнасць і абавязковыя каштоўнасці: раздзяленне улады, свабодныя выбары і незалежная судовая сістэма.

Намеснік міністра замежных спраў ФРГ заклікаў афіцыйны Менск зрабіць "станоўчыя сігналы" больш выразнымі. Напрыклад, паводле яго, беларускія ўлады могуць скарыстацца амністыяй, каб вызваліць палітвязняў, правесці бліжэйшыя выбары "транспарэнтна і сумленна", а таксама ўступіць у дыялог з апазіцыяй.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках