Прэм’ер-міністр Польшы заклікае беларускія ўлады да дэмакратыі
- 23.11.2007, 19:05
Сёньня прэм’ер польскага ўраду Дональд Туск зьвярнуўся да парлямэнту краіны з праграмнай прамовай, у якой прадставіў плян працы свайго ўраду.
У частцы выступу, якая тычылася замежнай палітыкі, Туск заявіў, што “надышоў час пазытыўных пераменаў у дачыненьнях з Расеяй”, і што “разуменьне гэтага дасьпявае таксама ў Маскве”.
Адносна Беларусі кіраўнік польскага ўраду сказаў:
“Задача нашай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі – пераканаць усе палітычныя колы ў гэтай кріане, што варта зрабіць стаўку на дэмакратыю”.
Паводле кіраўніка польскага ўраду, Польшча “мае абгрунтаванае імкненьне быць адной са стваральніцаў палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да яго ўсходніх суседзяў”, паведамляе “Радыё Свабода”.
“Пашырэньне абшару бясьпекі, супрацоўніцтва і дэмакратыі ў нашых усходніх суседзяў будзе мець вельмі істотны пазытыўны ўплыў на нашую будучыню і лёс усёй Эўропы”, -- заявіў Дональд Туск.