Былы палітвязень узначаліў сацыял-дэмакратычную партыю
- 26.11.2007, 8:31
Мікола Статкевіч абраны старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) на безальтэрнатыўнай аснове. На 1-ай сесіі ўстаноўчага з'езду партыі, якая праходзіць у Менску 25 лістапада, за кандыдатуру Статкевіча прагаласавалі 92 з 98 прысутных дэлегатаў, супраць – 1; 5 бюлетэняў былі прызнаныя несапраўднымі.
Першым намеснікам старшыні БСДП (Народная Грамада) абраны Аляксандр Арэстовіч, намеснікамі – старшыня віцебскай партыйнай арганізацыі Аляксей Гаўруцікаў і Сяргей Кулініч з Менска. Абраны таксама Цэнтральны камітэт, куды ўвайшлі старшыня партыі, яго намеснікі, кіраўнікі абласных, гарадскіх і раённых партыйных структур, а таксама некалькі найбольш актыўных сяброў арганізацыі.
Дэлегаты з'езду ўхвалілі статут і праграму партыі, а таксама Стратэгію еўрапейскіх сілаў Беларусі і палітычную рэзалюцыю з'езду.
У рэзалюцыі, у прыватнасці, адзначаецца, што "Беларусь знаходзіцца амаль пад поўным кантролем аўтарытарнага рэжыму". "Заканадаўчая ўлада і мясцовае самакіраванне адсутнічаюць, выбары пераўтвораныя ў спектакль з загадзя прызначаным вынікам, парламент выконвае дэкаратыўныя функцыі. Судовая сістэма, сілавыя структуры і нават кіраўніцтва прадпрыемстваў і ўстаноў выкарыстоўваюцца як карныя органы для тых, хто публічна выказвае нязгоду з палітыкай улад", – гаворыцца ў рэзалюцыі.
Адзначаецца таксама, што "эканоміка краіны пабудаваная па прынцыпе "вялікага калгасу" і кіруецца адным чалавекам". "Дэмакратычныя сілы працуюць пад нарастальным ціскам рэжыму. Іх уплыў у грамадстве абмежаваны адсутнасцю магчымасці шырокай камунікацыі з выбаршчыкамі і рэальных выбараў", – гаворыцца ў рэзалюцыі.
Разам з тым, на думку дэлегатаў з'езду, за гады незалежнасці "ў прытомнасці беларускага грамадства адбыліся кардынальныя змены". "У Беларусі існуе агульная згода наконт захавання незалежнасці. У грамадстве з'явіўся значны пласт адукаваных паспяховых людзей, якія разумеюць прынцыпы і неабходнасць дэмакратыі", – адзначаецца ў дакуменце.
Улічваючы гэта, з'езд "лічыць неабходным аднавіць працу па папулярызацыі еўрапейскай альтэрнатывы тупіковаму курсу, навязанаму Беларусі", "пашырыць асяродак праеўрапейскіх сілаў Беларусі шляхам прыцягнення да дзейнасці іншых дэмакратычных арганізацый", а таксама "арганізаваць цеснае супрацоўніцтва з незалежнымі прафсаюзамі".
Акрамя таго, дэлегаты прынялі заяву, у якой выказалі салідарнасць з зняволенымі палітыкамі і патрабавалі неадкладнага вызвалення Аляксандра Казуліна, Змітра Дашкевіча, Андрэя Клімава, Артура Фінькевіча і "іншых людзей, асуджаных па палітычных матывах".
Нагадаем, што Мікола Статкевіч правёў два гады на "хіміі" за арганізацыю акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму 2004 года.