Польскіх праваабаронцаў выгналі з Беларусі
- 26.11.2007, 9:17
Польскія каардынатары міжнароднага праекту «Дыялогі з суседзямі» змушаныя былі пакінуць Беларусь раней за тэрмін праз ануляванне віз.
Як паведамляе БелаПАН, 21–25 лістапада ў Гомелі ў рамках нямецка-польска-беларускага праекту «Дыялогі з суседзямі» праходзіў семінар для школьнікаў і студэнтаў. З польскага боку ў ім удзельнічалі прадстаўнікі грамадскага аб'яднання «Drumla». Іх турыстычныя візы былі адкрытыя па 25 лістапада. Аднак, як паведаміў БелаПАН беларускі каардынатар праекту, актывіст рэспубліканскага грамадскага моладзевага аб'яднання «Грамадзянскі форум» Пётр Кузняцоў, 23 лістапада супрацоўнікі гомельскага ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі нечакана анулявалі візы тром польскім удзельнікам.
Па словах П.Кузняцова, 23 лістапада на прыватную кватэру, у якой на час візіту ў Гомель спыніліся палякі, з'явіліся супрацоўнікі міліцыі і патрабавалі прайсці з імі ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі і зарэгістравацца. «Вядома, замежнікі пагадзіліся. У аддзеле па грамадзянстве і міграцыі ў іх забралі пашпарты і прапанавалі зайсці за дакументамі ў 16.00. Калі ў прызначаную гадзіну палякі прыйшлі ў аддзел, ім паведамілі, што іх візы скарочаныя да 23 лістапада, і патрабавалі да 24.00 пакінуць межы Рэспублікі Беларусь, растлумачыўшы гэта тым, што мэта іх знаходжання ў Беларусі не адпавядае мэце, адзначанай у візе. На вакзале палякі даведаліся, што ў бліжэйшы час, то бок, да 24 гадзін, выехаць у Польшчу або нават Украіну немагчыма. Цягнік да Кіева быў толькі ў 2 гадзіны ночы. Добра хоць, міліцыянты дазволілі з'ехаць палякам у Кіеў сярод ночы», – распавёў П.Кузняцоў.
Паводле яго слоў, польскія ўдзельнікі праекту “былі ў шоку ад таго, што адбываецца”.