Міліцыянты зачытваюцца «Звычайным прэзідэнтам»
2
12:16, — Палітыка
26 лістапада дазнавацель КДБ Аляксей Шагінаў вярнуў жыхарцы Светлагорска Святлане Міхальчанцы кампутар, сканфіскаваны больш за месяц таму.
«Некалькі дзён таму начальнік мясцовага аддзялення КДБ Аляксандр Праляткоўскі вярнуў мне і іншыя рэчы, якія раней забралі. А сістэмны блок кампутара, як мне сказалі, яны вазілі на праверку ў Гомель. Шагінаў прынёс яго і выказаў шкадаванне, што з-за ўсяго гэтага я мела турботы» – цытуе Міхальчанку Bulletin online.
Да пенсіі Міхальчанка была дырэктарам школы, цяпер актыўна выступае за захаванне сацыяльных гарантый для пенсіянераў, інвалідаў і моладзі. 14 кастрычніка, калі ў Менску праходзіў Еўрапейскі марш, міліцыянты затрымалі жанчыну на вуліцы і прывезлі ў райаддзел міліцыі, дзе патлумачылі, што выклікалі ў якасці сведкі. Затым супрацоўнікі міліцыі і КДБ паехалі разам з ёй дахаты на вобшук, спаслаўшыся, што шукаюць ноўтбук, які быў скрадзены ў чалавека, якога жанчына практычна не ведала.
Ноўтбука падчас вобшуку не знайшлі, але вынулі сістэмны блок настольнага кампутара, друкаваныя выданні і дакументы партыі камуністаў, да якой належыць актывістка.
«Пасля вобшуку я накіроўвала скаргі, настойвала, каб усё было вернута. На сёння дагэтуль не аддалі толькі некалькі кніг, сярод якіх і «Звычайны прэзідэнт». Сказалі, што кнігі чытаюць у міліцыі», – паведаміла Святлана Міхальчанка.





