9 чэрвеня 2026, aўторак, 20:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Карпаў прынёс Каспараву перадачу ў турму

2
Анатоль Карпаў прынёс Каспараву перадачу ў турму

Служыцелі закона пазбавілі аматараў шахмат рэдкага задавальнення: убачыць побач двух «выклятых сяброў», чыя барацьба за чэмпіёнскі тытул увайшла ў гісторыю як «супрацьстаянне двух «К».

Экс-чэмпіёна свету, а цяпер сябра Грамадскай палаты РФ Анатоля Карпава не пусцілі ў вядомы будынак на Пятроўцы, 38, дзе ў дадзены момант знаходзіцца пад вартай іншы былы чэмпіён – Гары Каспараў, шматгадовы супернік Карпава, а цяпер лідэр апазіцыйнага «Объединенного гражданского фронта» (АГФ). Нагадаем, што ў мінулую суботу пасля «Марша нязгодных» спадар Каспараў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Паводле рашэння міравога суду адзін з арганізатараў апазіцыйнай акцыі быў падвергнуты адміністрацыйнаму арышту тэрмінам на пяць сутак. Адвакаты Каспарава спрабавалі аспрэчыць гэтае рашэнне ў Мяшчанскім судзе, але безвынікова, піша газета «Время новостей».

Ідэя запрасіць Анатоля Карпава на Пятроўку належала незалежнаму дэпутату Дзярждумы, экс-лідэру скасаванай Рэспубліканскай партыі Уладзіміру Рыжкову. Паводле яго слоў, ён да апошняга моманту сумняваўся ў тым, што гросмайстар падтрымае гэтую прапанову, але спадар Карпаў нечакана пагадзіўся. Зазначым, што да гэтага спадар Рыжкоў двойчы сам спрабаваў наведаць арыштаванага экс-чэмпіёна. Толькі пасля скаргі, накіраванай кіраўніцтву ГУУС, гэтыя высілкі былі заўважаныя – з трэцяй спробы на супрацоўнікаў Пятроўкі, 38, вырабіла ўражанне дэпутацкая «корачка». Праўда, асабіста з спадаром Каспаравым дэпутат паразмаўляць так і не здолеў.

Што тычыцца Анатоля Карпава, то яму не атрымалася прайсці далей за бюро пропускаў – нягледзячы на статус сябра Грамадскай палаты і амбасадара добрай волі ЮНІСЕФ. «Дзіўна, што ў будынку не апынулася ніводнага начальніка, які мог вырашыць гэтае пытанне, – пракаментаваў сітуацыю збянтэжаны гросмайстар, які вырашыў, што «хутчэй за ўсё, міліцэйскае кіраўніцтва апынулася проста не гатовае да такой нечаканай сітуацыі». Падчас дыскусіі з вартавымі парадку на прахадной ГУУС спадар Карпаў сустрэў маці Гары Каспарава Клару Шагенаўну, праз якую перадаў свайму былому суперніку невялікі падарунак – свежы нумар шахматнага часопіса «64».

Для маці спадара Каспарава, роўна як і для ўсіх прысутных, з'яўленне Анатоля Карпава стала вялікай неспадзяванкай – бо нават людзі, слаба знаёмыя з перыпетыямі шахматных баталій, дасведчаныя пра, мякка гаворачы, няпростыя стасункі паміж гросмайстрамі. Супрацьстаянне Карпаў – Каспараў пачалося больш за 20 гадоў таму, а яшчэ раней імклівая кар'ера хлопца з Баку прымусіла насцярожыцца тагачаснага шматразовага чэмпіёна свету. У 1980 годзе 17-гадовы Каспараў атрымоўвае званне гросмайстра, а праз год выйграе чэмпіянат СССР, стаўшы самым маладым уладальнікам гэтага тытула ў гісторыі Савецкага Саюза. У 1984-м на чэмпіянаце свету пачынаецца сутычка паміж Каспаравым і дзейным уладальнікам шахматнай кароны Анатолем Карпавым, які спачатку вёў з лікам 5:0. Пасля таго як спадар Каспараў перахапіў ініцыятыву і выйграў тры партыі запар, матч быў перарваны па рашэнні прэзідэнта ФІДЭ Фларэнсіо Кампаманеса. Тады Гары Каспараў – цалкам у духу яго цяперашніх выступаў – абвясціў рашэнне змовай шахматнай федэрацыі і савецкай партыйнай наменклатуры.

Зрэшты, нелаяльным савецкай уладзе яго назваць было складана: у 1984 годзе Гары Каспараў уступіў у КПСС, а ў далейшым быў абраны сябрам ЦК ВЛКСМ (гэтаксама, як і спадар Карпаў, дарэчы). Праз год, у 1985-м, Анатоль Карпаў пасля ўпартай барацьбы ўсё-ткі саступіў карону 22-гадоваму Каспараву – той стаў трынаццатым чэмпіёнам свету. Як вядома, кар'ера гросмайстра завяршылася ў 2005 годзе, калі ён афіцыйна заявіў пра сыход з прафесійных шахмат і пра жаданне цалкам прысвяціць сябе палітыцы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках